Гісторыі ў Telegram варта ствараць з асцярожнасцю: ёсць важныя нюансы, якія ўплываюць на бяспеку

Ад учорашняга вечара ў Telegram пачалі з'яўляцца Stories, як і ў многіх іншых сацыяльных сетках. Пакуль яны даступныя ў тэставым рэжыме толькі для карыстальнікаў падпіскі Premium. Распавядаем, як іх ствараць і якія рызыкі ёсць.

21.07.2023 / 21:26

Ілюстрацыя: UMIT SOLMAZ / Pixabay

Як стварыць гісторыю ў Telegram?

Зайдзіце ў праграму Telegram. Націсніце на сімвал фатаапарата, які пасля абнаўлення з'явіцца ў правым ніжнім куце.

Белы сімвал фатаапарата ў сінім коле. Менавіта так можна стварыць гісторыю ў тэлеграме.

Зрабіце фота або абярыце яго з галерэі. Вы адразу ўбачыце тое, што будзе ў гісторыі.

Так выглядае створаны, але не апублікаваны, здымак для Stories у Telegram.

Каб захаваць здымак, націсніце на сімвал спампоўкі ў правым верхнім куце экрана. Тут жа вы можаце абраць, колькі будзе бачная сторыз — націсніце на значок «24» калі радка для дадавання подпісу. Ёсць чатыры опцыі — 6, 12, 24 і 48 гадзінаў.

Выбар часу бачнасці сторыз у тэлеграме.

Пасля націсніце «Далей» у правым ніжнім куце. Тут вы здолееце абраць, каму будзе бачная сторыз. Таксама з дапамогай паўзункоў знізу можна будзе абраць, ці дазваляеце вы рабіць скрыншоты сторыз і ці будзе яна ў вашым профілі пасля сканчэння часу паказу.

Тут можна абраць, хто пабачыць вашы сторыз.

Сярод опцыяў бачнасці — «Усе», «Кантакты», «Блізкія сябры» і «Абраныя кантакты». Пасля націсніце «Апублікаваць гісторыю» і яна з'явіцца ў вашым профілі, а таксама ў профілях вашых кантактаў, калі вы дазволілі ім яе глядзець.

Гэтыя параметры можна мяняць і пасля. Адкрыйце вашу сторыз і націсніце на тры кропкі ў правым верхнім куце экрана. Націсніце «Хто можа бачыць». Меню адкрыецца нанова. Там жа вы можаце падрэдагаваць тое, што выклалі.

Меню кіравання ўжо апублікаванай гісторыяй у Telegram.

Якія ёсць праблемы?

Першая праблема — гэта тое, што чалавек, які публікуе сторыз, бачыць тых, хто яе праглядзеў, — і гэта нельга адключыць. Бачна нават, у які менавіта час яна была прагледжаная.

Дзве прагледжаныя сторыз — бачна хто і калі паглядзеў.

Акрамя ўсяго іншага, вы будзеце бачыць у сваёй стужцы з самага верху сторыз усіх вашых кантактаў. Гэтых людзей вы маглі дадаць туды выпадкова або з зусім іншага акаўнта падчас сінхранізацыі кантактаў. Такім чынам вы можаце выпадкова выдаць ваш акаўнт, праглядзеўшы сторыс.

Каб гэтага пазбегнуць, або ачысціце кантакты ў тэлеграме (як гэта зрабіць, мы пісалі тут), або сачыце за тым, каб не націскаць на сторыз іншых выпадкова.

Другая праблема — гэта тое, што сторыз, час якіх мінуў, сыходзяць у архіў. І яны даступныя там, пакуль вы іх не выдаліце. Выдаляць іх давядзецца ўручную.

Каб гэта зрабіць, зайдзіце ў меню тэлеграма, націснуўшы на тры рыскі ў верхнім левым куце экрана. Знайдзіце там пункт «Мае гісторыі». Націсніце на яго.

Націсніце тут «Мае гісторыі»

Тут вы ўбачыце ўсе вашы агульнадаступныя гісторыі, якія вы абралі, каб паказваць у вашым профілі.

Пункт меню «Мае гісторыі»

Гісторыі не для ўсіх і тыя, час якіх прайшоў, захоўваюцца ў архіве. Націсніце на «Архіў» у ніжнім правым куце экрана. Адкрыецца «Архіў», у якім будуць усе гісторыі.

Пункт «Архіў» з меню «Мае гісторыі».

Мы не адшукалі магчымасці адразу чысціць «Архіў» адным націскам, так што давядзецца выдзяляць усе гісторыі ўручную доўгім націсканнем. Далей націсніце на значок «Сметніцы» ў верхнім правым куце.

Выдзеленыя гісторыі. Націсніце на значок «Сметніцы».

Далей пацвердзіце выдаленне, націснуўшы «Выдаліць» у акне пацверджання.

Націсніце «Выдаліць»

Цяпер гісторыі выдаліліся з «Архіву». Здаецца, аніякага аналагу «Сметніцы» для гісторый няма і ўзнавіць ці праглядзець іх нанова будзе немагчыма.

Чытайце таксама:

Распавядаем, як сілавікі знаходзяць стваральнікаў стыкераў у Telegram

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Месенджары: якія з іх сапраўды бяспечныя і чым Viber лепшы за Telegram

Nashaniva.com