Яўген Прыгожын зарэгістраваў кампанію ў Асіповіцкім раёне

Яўген Віктаравіч Прыгожын стаў кіраўніком нядаўна створанай кампаніі ТАА «Канкорд менеджмент і кансалтынг». Такія звесткі ўтрымліваюцца ў Адзіным дзяржрэгістры юрыдычных асоб і ІП Мінюста Беларусі, высветліў Reform.by.

22.07.2023 / 10:13

Яўген Прыгожын у лагеры пад Асіповічамі

Паводле інфармацыі Reform.by, таварыства з абмежаванай адказнасцю «Канкорд менеджмент і кансалтынг» са статутным фондам 200 беларускіх рублёў (каля 80 даляраў) было зарэгістравана Магілёўскім аблвыканкамам 19 ліпеня 2023 года і атрымала УНП 791314882.

Адрас рэгістрацыі: Рэспубліка Беларусь, 213727, Магілёўская вобласць, Асіповіцкі раён, Пратасевіцкі сельсавет, в. Цэль, вул. Усходняя, д. 2а. У вёсцы Цэль знаходзіцца палявы лагер, куды прыбылі часці ПВК «Вагнер» з Расіі.

Асноўным відам дзейнасці новай кампаніі заяўлена «кіраванне нерухомай маёмасцю».

Стапрацэнтны ўладальнік беларускай кампаніі — расійскае ТАА «Канкорд менеджмент і кансалтынг» (1037843002515), а «кіраўніком» указаны Прыгожын Яўген Віктаравіч. З ім можна звязацца па тэлефоне + 7 812 612 77 22.

У Расіі сапраўды існуе ТАА «Канкорд менеджмент і кансалтынг», зарэгістраванае ў 2003 годзе. Афіцыйна ў ТАА працуе 31 чалавек. Генеральным дырэктарам кампаніі лічыцца Прыгожын Яўген Віктаравіч.

Nashaniva.com