Верхняя мяжа бяспечнай для чалавека тэмпературы — ніжэй, чым думалі навукоўцы

Нават здаровыя людзі не ў стане вытрымаць 35-градусную спёку, якую прынята лічыць бяспечнай для чалавека. Такія вынікі эксперыменту, праведзенага ва Універсітэце штата Пенсільванія, каб праверыць, наколькі наш арганізм прыстасаваны да адносна доўгага знаходжання ва ўмовах гарачага надвор'я, піша Бі-бі-сі.

22.07.2023 / 11:40

У штаце Арызона на гэтым тыдні было неміласэрныя +47°С. Прычым уначы слупок тэрмометра не апускаўся ніжэй за +32°С. Фота Vlad Georgescu / Getty Images

Толькі за мінулы тыдзень новыя тэмпературныя рэкорды былі ўсталяваныя адразу на трох кантынентах: у Еўропе, Азіі і Паўночнай Амерыцы.

У каліфарнійскай Даліне Смерці на мінулых выходных слупок тэрмометра падняўся вышэй за 53 градусаў па Цэльсіі — значэнне не рэкорднае, але блізкае да яго.

А першы тыдзень ліпеня, паводле папярэдніх звестак, і зусім стаў самым гарачым тыднем на планеце за ўсю гісторыю назіранняў.

Па меры пацяплення глабальнага клімату ўсё часцей гучыць пытанне: «пры якой тэмпературы ахаладжальныя сістэмы нашага арганізма (у першую чаргу потавыдзяленне) перастануць спраўляцца з спякотай?»

Навука дала адказ на гэтае пытанне яшчэ ў 2010 годзе, калі аўстралійскія даследчыкі ўзяліся разлічыць гранічную тэмпературу, якую на працягу адносна доўгага часу можа вытрымліваць здаровы чалавек.

«Многія мяркуюць, што [па меры росту тэмператур] людзі змогуць адаптавацца да любога магчымага пацяплення,— пісалі аўтары даследавання, апублікаванага Амерыканскай акадэміяй навук. — Мы сцвярджаем, што цеплавы стрэс накладае надзейную верхнюю мяжу такой адаптацыі».

Вялікі ўплыў на здольнасць нашага арганізма падтрымліваць камфортную для яго тэмпературу ў спякоту аказвае вільготнасць паветра. Чым яна вышэйшая, тым павольней выпараецца пот — і тым горш ідзе працэс ахаладжэння.

Па выніках праведзеных разлікаў навукоўцы тады прыйшлі да высновы: мяжа бяспечнай для чалавека тэмпературы «па вільготным тэрмометры» (гэта значыць з улікам ахаладжэння цела за кошт выпарэння поту) не можа перавышаць 35 градусаў.

Цяпер супрацоўнікі Універсітэта Пенсільваніі вырашылі праверыць разлікі аўстралійцаў на практыцы і правялі эксперымент з удзелам 24 маладых і цалкам здаровых валанцёраў.

Усім удзельнікам далі праглынуць пілюлю з тэрмометрам, які бесперапынна адсочвае тэмпературу ўнутры цела, пасля чаго добраахвотнікаў змясцілі ва ўмовы герметычнай капсулы, дзе правялі сотні замераў.

Патроху павышаючы то тэмпературу, то адносную вільготнасць, то і тое, і другое разам, навукоўцы сачылі, у які момант ва ўдзельнікаў пачынае расці ўнутраная тэмпература.

Рэч у тым, што адносна стабільную ўнутраную тэмпературу наш арганізм здольны падтрымліваць толькі да пэўнага ўзроўню, вядомага як «крытычная мяжа навакольнага асяроддзя».

«Пры перавышэнні гэтай мяжы ўнутраная тэмпература пачынае бесперапынна расці, а рызыка разладу здароўя пры працяглым уздзеянні спёкі істотна павялічваецца», — тлумачаць аўтары.

У цэлым жа вынікі эксперыменту, апублікаваныя ў часопісе Applied Physiology, дэманструюць, што ва ўмовах 50-працэнтнай вільготнасці некантралюемы перагрэў нават маладога і здаровага арганізма пачынаецца ўжо пры тэмпературы вільготнага тэрмометра каля 31 градуса па Цэльсіі.

Навукоўцы адзначаюць, што ў апошнія пару дзесяцігоддзяў перыяды экстрэмальнага надвор'я — і холаду, і спёкі — істотна пачасціліся па ўсім свеце.

Больш за тое, у экспертаў няма сумненняў: пакуль наша планета працягвае награвацца (у асноўным за кошт спальвання выкапнёвага паліва і выкідаў парніковых газаў), катаклізмы надвор'я будуць здарацца ўсё часцей і доўжыцца ўсё даўжэй.

Чытайце таксама:

«Ціхі забойца». Bloomberg паведаміў пра спёку +50°С у Еўропе з-за цеплавога выбуху

Nashaniva.com