У Падмаскоўі ўзброены мужчына захапіў дом і пагражаў ісці на Крэмль. Яго забілі
У Падмаскоўі ўзброены мужчына ў вайсковай форме пракраўся ў чужы дом і ўступіў у перастрэлку з сілавікамі, а таксама заявіў, што сабраў арсенал зброі і збіраецца ісці на Крэмль, паведамляе «Медуза». У выніку яго забілі.
22.07.2023 / 18:04
Фота чалавека, які захапіў падмаскоўны асабняк
Па інфармацыі расійскіх тэлеграм-каналаў і медыя, інцыдэнт адбыўся ў падмаскоўным катэджным пасёлку Шэрвуд. Паводле інфармацыі тэлеграм-канала Baza, мужчына крычаў, што «нядаўна вярнуўся са СВА», ён нібыта быў нецвярозы.
Мужчына, як паведамляецца, быў узброены аўтаматам Калашнікава. Закладнікаў ён не ўзяў, усім, хто быў у доме, удалося яго пакінуць.
Калі супрацоўнікі прыватнай ахоўнай кампаніі, якія ахоўваюць пасёлак, выклікалі ўчастковага паліцэйскага, мужчына нібыта пачаў страляць па іх з аўтаматычнай зброі.
Пры гэтым ён выкрыкваў палітычныя лозунгі і заяўляў, што сабраў цэлы арсенал зброі, каб ісці ў паход на Крэмль. Таксама ён нібыта кінуў кактэйль Молатава, з-за чаго ў доме ўзнік пажар.
Узброеным мужчынам, як паведаміў дэпутат Дзярждумы Аляксандр Хінштэйн, быў 35-гадовы жыхар Краснаярска Вячаслаў Чарненка. У Маскву ён прыехаў нядаўна, а адрас катэджа знайшоў у аб'яве аб яго продажы. Спробы пераканаць Чарненку здацца, якія рабіліся ў тым ліку пры дапамозе ягонай маці, поспеху не мелі.
У выніку ТАСС са спасылкай на сілавікоў паведаміў, што мужчыну, які захапіў асабняк у падмаскоўным пасёлку Шэрвуд, забілі падчас штурму.
Чытайце таксама:
Ва Украіне загінуў расійскі прапагандыст Жураўлёў
У Бранскай вобласці загінула двое вайскоўцаў, якія ставілі міну