У Мінску пачынаюць судзіць стваральніка туркампаній «Нова тур» і «Сакуб». За «здраду дзяржаве»

Аляксандр Мірскі таксама ў якасці грамадскай нагрузкі ўзначальваў Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый з 2008 да 2013-га і ў 2014—2019 гады.

23.07.2023 / 13:21

Аляксандр Мірскі. Скрыншот з відэа АНТ

24 ліпеня Мінскі гарадскі суд пачне разгляд справы ў дачыненні да Аляксандра Іванавіча Мірскага паводле ч.1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве), звяртае ўвагу тэлеграм-канал праваабарончага цэнтра «Вясна». Справу будзе разглядаць Алена Шылько.

Пра затрыманне Мірскага стала вядома зімой — пра гэта расказалі ў прапагандысцім фільме на тэлеканале АНТ. Там паведамлялася, што мужчына 7 гадоў супрацоўнічаў з польскімі і літоўскімі спецслужбамі, а цяпер знаходзіцца пад следствам і абвінавачваецца па артыкуле аб здрадзе дзяржаве.

Нярэдка за абвінавачваннямі аб «здрадзе дзяржаве» хаваюцца палітычныя справы. Так, у «здрадзе дзяржаве» абвінавачвалі Паўла Белавуса — так інтэрпрэтавалі атрыманне структурамі, у якіх ён удзельнічаў, грошай на праекты, скіраваныя на развіццё беларускай культуры.

Старшынства ў Рэспубліканскім саюзе турыстычных арганізацый было для Мірскага грамадскай нагрузкай. Яго асноўнай працай было кіраванне туркампаніяй «Нова тур». Да таго ён стварыў турфірму «Сакуб». Назва кампаніі «Нова тур» супадае з назвай найбольшага літоўскага тураператара «Новатурас». Невядома, ці яны мелі камерцыйныя сувязі.

Nashaniva.com