Якія расійскія парты выкарыстоўваюцца для перавалкі беларускіх грузаў

Першы намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч распавёў, якія расійскія парты выкарыстоўваюцца для перавалкі беларускіх грузаў. А таксама закрануў пытанне будаўніцтва ўласнага тэрмінала.

23.07.2023 / 23:00

Скрын відэа «Беларусь 1»

«Мы задзейнічалі 19 расісйскіх партоў у розных рэгіёнах РФ. Гэта і калідор Поўнач-Поўдзень у бок Астрахані і праз Каспійскае мора, гэта і парты Санкт-Пецярбурга, парты Чорнага і Азоўскага мораў. Акрамя ўсяго іншага, мы перавозім грузы сухапутным маршрутам у бок Кітая. Па выніках першага паўгоддзя ў нас склаліся аб'ёмы перавалкі грузаў каля 6 млн тон праз парты і парадку 1,5 млн тон сухапутным маршрутам на Кітай», — сказаў Аляксей Ляхновіч у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1».

Найбольш задзейнічаныя, па яго словах, вялікі порт Санкт-Пецярбурга і іншыя парты на Балтыйскім моры.

«Яны маюць перавагу па аб'ёмах і па тарыфах, таму што, па-першае, адлегласць па чыгунцы вельмі кароткая, па-другое, па асобных відах грузаў мы атрымалі зніжку на Балтыку. Таму, вядома, Балтыка сёння па-за канкурэнцыяй», — патлумачыў Ляхновіч.

Думаюць таксама над тым, каб выкарыстоўваць парты Мурманска.

Першы намеснік міністра кажа, што сёлета яна атрымалі зніжкі на тарыфы па перамяшчэнні грузаў — ад 10% да 40% у залежнасці ад кірунку.

«У тым ліку атрымалі зніжку па асобных відах грузаў на вялікі порт Санкт-Пецярбурга і самую вялікую зніжку на парты Астрахані і сухапутны маршрут Поўнач-Поўдзень у бок Каспійскага мора», — адзначыў Ляхновіч.

А вось ці будуць беларускія ўлады будаваць свой тэрмінал, падобна, яшчэ не вырашана.

«Калі мы будзем бачыць, што кошт перавалкі нас задавальняе праз нейкі тэрмінал і праз пэўны рэгіён, плюс праект хутка акупляльны, на працягу 5-7 гадоў, то, вядома, гульня варта свеч», — патлумачыў чыноўнік.

Акрамя Расіі і Кітая, сярод асноўных напрамкаў для экспарту беларускіх тавараў ён назваў краіны Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, Індыю.

Nashaniva.com