«Інфармацыю пра ўдар па саборы ў Адэсе ўнеслі ў Вікіпедыю за некалькі гадзін да самога ўдару». Як так?
Удары па Адэсе былі нанесены Расіяй з акупаванага Крыма а першай гадзіне ночы 23 ліпеня, у выніку чаго быў пашкоджаны шэраг гістарычных пабудоў, а таксама разбураны прамым трапляннем Спаса-Праабражэнскі сабор. Але ў Вікіпедыі праўкі з паведамленнем пра знішчэнне сабора былі ўнесены быццам бы за некалькі гадзін да таго. Разабраліся, як так.
24.07.2023 / 10:50
Маніпуляванне інфармацыяй прыводзіць да з'яўлення маргінальных канспіралагічных тэорый.
Уначы, ужо пасля расійскага ўдару, адзін з найбуйнейшых тэлеграм-каналаў горада «Доброго вечора, ми з Одеси» апублікаваў скрыншот вікіпедыйнага артыкула пра сабор ва ўкраінскай Вікіпедыі, на якім быццам бы бачна, што сказ пра зруйнаванне храма расійскімі ракетамі дададзены ў 23:05 яшчэ 22 ліпеня. Аўтары тэлеграм-канала прыйшлі да высновы, што пра атаку на сабор было вядома яшчэ да «прылёту».
Публікацыя ўкраінскімі тэлеграм-каналамі неправеранай інфармацыі паспрыяла расійскай прапагандзе.
Гэтую публікацыю падхапілі як іншыя ўкраінскія каналы, так і расійскія прапагандысты. Для апошніх, якія адмаўляюць хаатычны абстрэл грамадзянскіх аб’ектаў у Адэсе і кажуць пра высокадакладнае знішчэнне вайсковай інфраструктуры, гэты факт выявіўся сапраўдным падарункам, які разам з тэзісамі пра добрую «аператарскую працу УСУ» добра кладзецца на канспіралагічную тэорыю пра «правакацыю з боку Кіева».
Не засталіся ў боку і беларускія праўладныя каналы, якія знайшлі аналагічную праўку і ў рускім раздзеле Вікіпедыі, якая была зроблена яшчэ раней, у 22:54.
«Значыць, рыхтаваліся. Проста па тупасці адбыўся фальстарт», — патлумачылі незвычайную нестыкоўку прапагандысты.
Беларуская прапаганда пахвалілася перамогай у вайне за артыкул у Вікіпедыі.
Лукашэнкаўскія прапагандысты пахваліліся і «вайной у Вікіпедыі» за сабор: «За ноч улада на старонцы некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі». А пераможным вынікам дзейнасці прарасійскіх рэдактараў яны назвалі нейтральнае вызначэнне «пашкоджаны» замест ранейшага «разбураны». Праўда, прыкладзеныя скрыншоты кажуць не пра ідэалагічнае змаганне прыхільнікаў дзвюх версій падзей, а пра непрыхаваны вандалізм артыкула, які аднак быў адным націсканнем скасаваны дасведчанымі рэдактарамі, а сама старонка ўзята пад ахову ад правак ананімаў да таго часу, пакуль не сціхне накал.
Змаўчалі прапагандысты і пра тое, што ў тым жа сказе адназначна прапісана, што гэтае пашкоджанне адбылося ў выніку ўдару менавіта расійскіх войскаў.
Гэтак жа мала праўды і ў канспіралагічных тэорыях пра тое, што Кіеў усё ведаў загадзя і сам падрыхтаваў удар. Насамрэч ніякай нестыкоўкі паміж часам у праўках артыкула пра сабор і сапраўднымі ўдарамі па ім няма.
Уся рэч у тым, што па змоўчанні час усіх правак у Вікіпедыі паказваецца паводле сусветнага каардынаванага часу (UTC+0), у той час як мінскі, маскоўскі і ўсходнееўрапейскі летні час, паводле якога цяпер жывуць Украіна і краіны Балтыі, адрозніваецца ад яго на тры гадзіны (UTC+3).
Праўка, зробленая ў 23:05 паводле сусветнага каардынаванага часу, паводле мясцовага часу зроблена ў 02:05, то-бок ужо пасля ўдараў па Адэсе. Зарэгістраваныя ўдзельнікі Вікіпедыі ў наладах могуць змяніць адлюстраванне часу на зручнейшае для сябе, але ананімныя наведвальнікі бачаць выключана сусветны каардынаваны час.
Як адзначаюць самі рэдактары Вікіпедыі, падобныя казусы ўзнікаюць перыядычна, асабліва ў сувязі з палітычнымі забойствамі і тэрактамі. Апошні яскравы выпадак у нашым рэгіёне адбыўся ў лютым 2015 года, калі ў цэнтры Масквы быў забіты расійскі апазіцыйны палітык Барыс Нямцоў.
Тады ў СМІ пісалі, што запіс пра гібель Нямцова з'явіўся ў рускамоўнай Вікіпедыі прыкладна ў 21:40, як сцвярджалася, паводле маскоўскага часу (насамрэч паводле сусветнага каардынаванага часу), тады як палітык быў застрэлены прыкладна ў 23:15.
На падставе гэтых скажоных звестак журналісты нават шукалі, як меркаванага ўдзельніка забойства, таго ананіма, які ўнёс гэтую праўку і чый айпі-адрас быў прымацаваны да горада Іванава. Усё гэта адцягвала ўвагу ад пошуку сапраўдных забойцаў і заказчыкаў ды спрыяла з’яўленню новых тэорый.
Ананімныя тэлеграм-каналы не нясуць адказнасці за тую дэзынфармацыю, якую публікуюць у сябе, і публічна не прызнаюць сваіх памылак, а таму варта ставіцца да такіх крыніц вельмі крытычна.
Чытайце таксама:
Прапагандысты раздалі парады панскаму маёнтку «Сула». Лепш бы яны маўчалі
Скандал у рускай «Вікіпедыі» можа быць прадвеснікам татальнай блакіроўкі свабоднай энцыклапедыі
Генпракуратура Беларусі апублікавала спіс нацысцкіх злачынцаў. Сярод іх Коль, Шродэр і Шольц