Апублікаваныя свежыя спадарожнікавыя здымкі лагера ПВК «Вагнер» пад Асіповічамі

Журналіст The New York Times Крысціян Трыберт апублікаваў свежыя спадарожнікавыя здымкі лагера ПВК «Вагнер» у вёсцы Цэль, зробленыя Maxar 23 ліпеня.

24.07.2023 / 11:43

Фота: Maxar

Здымкі вельмі выразныя і пацвярджаюць папярэднюю выснову аб тым, што зялёная зона, правей ад імправізаванай стаянкі фур, была цалкам запоўненая ўжо 22 ліпеня.

Фота: Maxar

На свежых здымках відаць не менш за 35 фур і сотні легкавых аўто, пікапаў і «буханак». У паўднёвай частцы здымка таксама можна заўважыць будаўнічую тэхніку, якая была заўважаная як мінімум у дзвюх калонах: 3-й ад 17 ліпеня і 8-й ад 19 ліпеня, паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».

Лагер для вагнераўцаў у Беларусі разбілі каля вёскі Цэль у Асіповіцкім раёне.

Раней кіраўніцтва ПВК «Вагнер» заяўляла, што ў Беларусь перабазуецца да 10 тысяч байцоў гэтай кампаніі. 

ПВК «Вагнер» фармальна лічыцца прыватнай вайсковай кампаніяй, але фактычна была створаная Генштабам Расіі для выканання спецыяльных задач і пад выглядам, што за гэтым не стаіць афіцыйная Масква. ПВК «Вагнер» панесла цяжкія страты падчас нападу на Украіну. Паводле інфармацыі кіраўніцтва структуры, станам на 20 мая з 79 тысяч наймітаў былі забітыя 22 тысячы, параненыя 40 тысяч.

Nashaniva.com