Стала вядома, колькі каштуе транзіт беларускіх грузаў праз Расію
Калі санкцыі «закрылі» для беларускіх тавараў парты на Балтыцы і адпаў украінскі маршрут, экспартны паток накіраваўся ва ўсходнім кірунку. Але па даўжэйшых і даражэйшых шляхах.
24.07.2023 / 15:21
Фота: «Наша Ніва»
Большая частка выдаткаў на экспарт беларускіх грузаў праз Расію — гэта аплата перавозкі па чыгунцы. Як распавёў першы намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч, яна складае каля 60%, піша Tochka.by.
«Гэта асноўная частка выдаткаў. Плюс перавалка ў порце: дзесьці нам прапануюць па 6 даляраў за тону, дзесьці па 20 даляраў, зразумела, што мы вязем туды, дзе танней», — распавёў чыноўнік у тэлеінтэрв'ю.
Мурманск — толькі ў планах
Паводле яго слоў, сёння для перавалкі беларускіх грузаў задзейнічана 19 партоў.
«Гэта і калідор «Поўнач-Поўдзень», у бок Астрахані, і парты Санкт-Пецярбурга, Чорнага і Азоўскага мораў. Акрамя ўсяго іншага мы перавозім грузы і па сухапутным маршруце ў бок Кітая», — адзначыў Ляхновіч.
Як заявіў чыноўнік, у першым паўгоддзі аб'ём беларускіх грузаў, якія ідуць праз расійскія парты, склаў 6 млн тон і каля 1,5 млн тон — па сушы ў Кітай.
«З улікам таго, што бліжэй за ўсё да нас парты Санкт-Пецярбурга, больш за ўсё грузаў ідзе праз іх. Яны пераважаюць як па аб'ёмах, так і па тарыфах: вельмі кароткая чыгуначная адлегласць, плюс па асобных відах грузаў мы атрымалі зніжку на Балтыку, таму яна сёння па-за канкурэнцыяй», — распавёў намеснік міністра.
Паводле яго, разглядаецца таксама паўночны кірунак — парты Мурманска. Гэтае пытанне будзе адпрацоўвацца з расійскімі калегамі.
Таксама варта ўлічваць, што транспартнае плячо рэзка павялічылася: калі ад Салігорска да Клайпеды 612 км, то пры адгрузцы ў порце Мурманска прыйдзецца ганяць саставы на 2255 км — амаль у чатыры разы далей.
«Асноўнае — хуткая акупнасць. Калі мы будзем бачыць, што кошт перавалкі нас задавальняе праз нейкі тэрмінал або рэгіён, плюс праект хутка акупны, у плыні 5-7 гадоў, вядома, гульня варта свечак», — дадаў умовы будаўніцтва порта (тэрмінала) ў Расіі чыноўнік.