«Магчыма, варта рыхтавацца да горшага» — Таццяна Севярынец

Таццяна Севярынец, маці палітыка, распавяла «Народнай Волі» пра апошнія навіны ад сына, асуджанага на сем гадоў калоніі.

24.07.2023 / 15:27

Павел Севярынец з маці. Фота з сацсетак

21 чэрвеня 2023 года ў Шклове адбыўся працэс па замене Севярынцу рэжыму ўтрымання. Суд пастанавіў перавесці палітыка ў турму тэрмінам на тры гады, яго перавялі ў гродзенскую турму.

— Ужо прыйшлі весткі ад сына з турмы ў Гродне, — кажа Таццяна Севярынец. — Пры гэтым спачатку адразу тры лісты атрымала, пасля чаго больш за тыдзень нічога не было. Затым адразу сем лістоў дайшлі да мяне, і праз час яшчэ адзін дайшоў. Я запісваю нумары паштовак, таму бачу, што аб’явіліся нават тыя лісты, якія лічыліся зніклымі.

Яшчэ мяне здзівіла, што на адным лісце сын пазначае адзін нумар камеры ў Гродзенскай турме, у другім — другі, у трэцім — трэці. Не ведаю, што там адбываецца, магчыма, сына перакідваюць з камеры ў камеру. Спачатку ж быў каранцін, а затым пераводзілі ў атрад.

Я, дарэчы, калі дасылаю сыну лісты, то абавязкова разам з чыстымі канвертамі і лістамі, бо ў Паўла пакуль няма магчымасці там штосьці набываць.

— Цяпер ён знаходзіцца на строгім рэжыме?

— Так, і гэта ўплывае на перадачы, бандэролі і іншае. Магчыма, варта рыхтавацца да горшага, хаця, наколькі мне вядома, права на нейкія мізэрныя перадачы маюць вязні нават на турэмным рэжыме.

Тым не менш, Паша трымаецца, усім прывітанне перадае. Усё разумее — і ўсё ведае. А калі пра штосьці і не ведае, то здагадваецца, як яно павінна быць. Сын — чалавек вельмі адукаваны.

— Што яшчэ Павел піша ў лістах?

— Паведамляе коратка: «Дзякуй Богу, у мяне ўсё добра». Натуральна, што ніякіх падрабязнасцяў свайго знаходжання ў турме не можа напісаць, цэнзура гэтага проста не прапусціць на волю. Пра тое стала зразумела ўжо даўно.

Напрыклад, калі я была на кароткатэрміновай сустрэчы з сынам у калоніі, то запытала ў яго: «Дзетанька, распавядзі, як ты тут?» У адказ Паша толькі паматляў на бакі галавой, маўляў, няможна пра гэта.

— Раней Павел пастаянна дасылаў з калоніі малюнкі — і для вас, і для свайго сына. А ў турме ці ёсць магчымасць маляваць?

— І з турмы малюнкі дасылае — штосьці сыну Францішку, партрэт пляменніцы намаляваў… Яго захапленне застаецца пры ім, незалежна ад таго, дзе адбывае пакаранне.

Дарэчы, калі паглядзець на карту тых месцаў у Беларусі, дзе сядзеў Павел, то атрымліваецца крыж. А сядзеў ён з поўначы на поўдзень, і з усходу на захад. Вось такі адмысловы крыж, які сын нясе ўсё сваё жыццё.

Nashaniva.com