Тэмай вучэнняў АДКБ у Беларусі стане ліквідацыя наступстваў аварыі на ядзерным аб'екце
25.07.2023 / 8:23
Ліквідацыя наступстваў аварыі на ядзерным аб'екце стане тэмай вучэнняў выратавальных падраздзяленняў краін Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) «Скала-2023», якія пройдуць на пачатку верасня ў Мінскай вобласці. Пра гэта паведаміў міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі Вадзім Сіняўскі, піша ТАСС.
Фота: МНС Беларусі
«Тэма «Скалы» — гэта аварыя на ядзерным аб'екце з задзейнічаннем і разгортваннем сіл АДКБ і, вядома ж, нашы дзеянні, МНС Рэспублікі Беларусь. Гэта парадак кіравання гэтым працэсам, ахоўныя планы, унутраныя і вонкавыя, якія будуць на практыцы адпрацаваныя ў выпадку такой аварыі. Гэта пытанні ўзаемадзеяння з органамі выканаўчай улады, з органамі ваеннага кіравання, шэраг іншых задач», — сказаў міністр у эфіры тэлеканала «Беларусь-1».
Раней Сіняўскі паведамляў, што актыўная фаза вучэнняў будзе праведзеная на базе філіяла ўніверсітэта грамадзянскай абароны МНС у Мінскай вобласці. Кіраўнік МНС РФ Аляксандр Куранкоў інфармаваў аб тым, што ад расійскага выратавальнага ведамства на вучэнні плануецца накіраваць спецыялістаў Цэнтра па правядзенні выратавальных аперацый асаблівай рызыкі «Лідар».