Вайскоўцаў кінулі на жніво

25.07.2023 / 12:03

Фота: Ян Гарбанюк, агенцтва «Ваяр»

Ад сёння вайскоўцы Узброеных сіл дапамагаюць вяскоўцам ва ўборцы ўраджаю з палёў Віцебскай і Магілёўскай абласцей, паведамляе Мінабароны ў сваім тэлеграм-канале.

Больш за 50 вайскоўцаў і 30 адзінак ваеннай тэхнікі накіраваны для аказання дапамогі жніву. Зводны ўзвод, сфармаваны з розных воінскіх частак, дапамагае не толькі ў пагрузцы і вывазе сельскагаспадарчых грузаў з палёў, дастаўцы іх на збожжатокі і ў сховішчы, але і ажыццяўляе падвоз паліва для камбайнаў, абедаў — для механізатараў, гаворыцца ў паведамленні.

Зазначаецца, што вайскоўцы прайшлі інструктаж па патрабаваннях тэхнікі бяспекі пры абслугоўванні тэхнікі і перавозцы сельскагаспадарчых грузаў.

Nashaniva.com