13 спосабаў апынуцца на сутках. Досвед беларуса, які пасля анлайн-флірту трапіў на Акрэсціна
Жыхар Мінска дзеліцца статыстыкай прычын палітычных затрыманняў, якую сабраў падчас сваёй нядаўняй адседкі на Акрэсціна. Мужчына верыць, што гэта дапаможа некаторым беларусам уберагчыся ад рэпрэсіўнай машыны, якая выконвае план па палітычных ахвярах. Мінчук пацвердзіў, што ЦІП на Акрэсціна стаў сапраўдным канцлагерам.
25.07.2023 / 19:40
Мурал на фестывалі «Тутака», ліпень 2023 года. Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»
У 2021 годзе Леанід ужо адседзеў суткі за ўдзел у акцыі пратэсту. Супадзенне ці не, але рэпрэсіўныя органы не чапалі маладога мужчыны, пакуль у яго не адбылася дзіўная камунікацыя ў сэрвісе знаёмстваў. Ëн расказаў пра перажытае і акрэсцінскую статыстыку сябрам, а яны перадалі яе для публікацыі праекту «1906».
«Яна пісала на беларускай мове»
Напярэдадні затрымання Леаніду напісала нейкая дзяўчына ў сэрвісе знаёмстваў «Дайвинчик». Незнаёмка пачала задаваць пытанні, маўляў, ці не страшна яму.
«Магчыма, яна мела на ўвазе бел-чырвона-белы сцяжок на маіх фотках у сэрвісе. Я адказаў, што, вядома, крыху страшнавата», — згадвае Леанід, што было перад затрыманнем.
«Там перапіска невялічкая з ёй была. Дзяўчына адразу некуды знікла. Яна пісала, дарэчы, на беларускай мове, што, пэўна, мусіла прытупіць маю пільнасць. Гэта было незвычайна: яна сама напісала, праявіла ініцыятыву, а пасля знікла», — расказвае пра падазроныя дэталі мінчук.
Леанід дапускае, што рэпрэсіўныя органы маглі высветліць яго асобу і месца жыхарства праз сэрвіс ідэнтыфікацыі па твары на фота.
Сэрвіс знаёмстваў «Дайвинчик» лакалізуецца на анлайн-пляцоўцы Telegram і расійскага Укантакце. Паводле агульнадаступных правілаў, Укантакце можа перадаваць нумар тэлефона, лакалізацыю, месца жыхарства сваіх карыстальнікаў шэрагу сілавых органаў РФ «у рамках даследчай праверкі, на этапе папярэдняга расследавання». Беларускія сілавікі супрацоўнічаюць з расійскімі.
«Няхай вас лепш паб’юць»
Праз некалькі дзён пасля перапіскі з таямнічай незнаёмкай Леаніду патэлефанавалі ў дамафон. Нібыта ЖЭС. Не адразу, але мінчук адчыніў. У выніку забеглі міліцыянты.
«Тэлефон адбіраюць, адразу наручнікі, пачынаюць пі***іць. Пытанні накшталт: «Ну што, кідаў камяні ў міліцыю?» Разлічана ўзяць на понт. Нехта адразу прызнаецца», — малады мужчына расказвае, як яго збівалі дома на кухні.
«Ну нават калі вы нешта такое рабілі, не трэба прызнавацца. Лепш няхай вас паб’юць. Вось. Шмат хто «прызнаецца» на крыміналку для сябе і сваіх сябрукоў», — дзеліцца назіраннямі Леанід.
Мінчук кажа, што яго збівалі і пасля таго, як адзелі наручнікі.
«Гэта катаванні былі. Быў шокер, па дупе дубінкай білі, нармальна так па тулаве, не бачыў чым: нагамі, рукамі. Дакладна па галаве, але не па твары, каб сінякоў не было».
Шукалі рэпосты
Сілавікі залезлі ў тэлефон Леаніда, патрабавалі пароль, які збіты мінчук забыўся. У выніку ўзламалі дэвайс праз імэйл з камп'ютара. Залезлі ў тэлеграм.
«У тэлеграме яны адразу знайшлі рэпосты, падпіскі нікога не цікавілі. Прайшліся па галерэях у сацсетках, па воблачных сховішчах. Іх цікавілі фота і відэа з выхадам на праезную частку. І адразу выставілі прад’яву, што ў мяне там маршы», — згадвае мужчына.
На фота з 2021 года мінчук заўважыў, што тэрмін прыцягнення да адказнасці ўжо выйшаў і што ён ужо сядзеў за гэты эпізод суткі. Быў адказ: «За гэта можна шмат разоў сядзець».
Леанід раіць чысціць свае воблачныя сховішчы і дэфрагментаваць дыскі, заціраць пасля выдалення. Аднак ён заўважае, што часта і гэта не ратуе: «Калі да вас прыйшлі менты, вы ўжо вінаватыя. Напішуць, што махаў рукамі і не падпарадкоўваўся».
Выбіваюць прызнанні на крыміналку
Перад паездкай у РУУС міліцыя дазволіла Леаніду апрануцца. Маючы досвед, мужчына надзеў тэрмабялізну на выпадак холаду і спання на бетоннай падлозе.
Пасля збіцця дома на кухні Леаніда білі па дарозе ў РУУС. У РУУСе, калі афармлялі пратакол, таксама білі, бо мужчына патрабаваў выкрасліць тое, чаго не казаў:
«У тэлефоне нібыта знайшлі відэа выхаду на праезную частку. Яны мне гэта прыпісвалі. Яно аднекуль у тэлефоне з’явілася. Мяне на ім няма. Я яго не здымаў. Але прызнанне выбівалі. Трэба сказаць, што гэта магло быць прызнанне на крымінальную справу».
У камеры на Акрэсціна Леанід даведаўся, што некаторым людзям не даюць чытаць пратаколы. І яны падпісваюць іх, не гледзячы.
За што беларусаў адпраўляюць на суткі — частыя прычыны
Мужчына правёў у ЦІП на Акрэсціна больш за месяц. Судзілі двойчы за рэпосты, па скайпе на калідоры. Пасля першага тэрміну ўпісалі другі, не выпускаючы з-за кратаў. Другога пратакола Леанід нават не бачыў.
За часы адседкі беларус сабраў статыстыку, з якой відаць, як працуюць выканаўцы ў рэпрэсіўнай сістэме. Леанід падзяліўся самымі распаўсюджанымі на Акрэсціна практыкамі палітычных арыштаў.
«Задачы ГУБАЗіКа — застрашыць народ, каб наогул сядзелі пад мятлой і не рэпосцілі нічога, не чыталі», — лічыць мужчына.
Вось як беларусы траплялі за краты за палітыку.
- Выклікаюць у дэканаты, аддзелы кадраў на дзяржпрадпрыемствах. Робяць пагалоўныя праверкі тэлефонаў.
- Праверкі тэлефонаў сілавікі робяць і ў прыватных кампаніях.
- Ішоў выпіўшы, тармазнулі міліцыянты, праверылі тэлефон. Знайшлі рэпосты — на Акрэсціна. Калі штосьці больш значнае ў тэлефоне пабачылі, то можа быць і крыміналка.
- Бытавая бойка. Некалькі такіх выпадкаў было: суседзі або самі пацярпелыя выклікалі міліцыю, міліцыя пабачыла сімволіку дома — чалавека адправілі на Акрэсціна.
- Было некалькі выпадкаў, калі ў затрыманых на вокладцы пашпарта была «Пагоня».
- Некалькі разоў было, калі закрывалі людзей за нумарны знак на аўто з выявай «Пагоні».
- Чалавек сядзеў з кватарантам дома і піў гарбату. Прыйшоў міліцыянт праверку па «хіміі» рабіць. Пабачыў на кубку з гарбатай «Пагоню». І чалавек, які здаваў кватэру, таксама заехаў на Акрэсціна як палітычны. Ён нават не ведаў, што значыць «Пагоня».
- Не там справіў малую патрэбу. Затрымалі, праверылі тэлефон.
- Аднойчы прынялі кампанію вулічных музыкаў. Хацелі адпусціць, але начальнік сказаў, што трэба статыстыка па палітычных. Тых, у каго былі ўжо затрыманні за палітыку, закрылі. Аднаго адпусцілі. Але праз тыдзень яму патэлефанавалі і сказалі прыехаць: таксама затрымалі.
- У 2020-м чалавек напісаў песню «Стоп таракан». Адседзеў яшчэ да выбараў. І яго перазакрылі цяпер.
- Часам самі заяўнікі апынаюцца за кратамі. Хлопец працаваў на гандлёвым аб’екце, дзе адбыўся крадзеж. Па ягонай заяве прыехаў міліцыянт. На стале ляжаў тэлефон, прыходзілі паведамленні. Міліцыянт параіў схаваць тэлефон, каб не правакаваць праверку. Чалавек не прыбраў. Тэлефон праверылі — і мужчына заехаў па палітыцы.
- На 9 Мая хлопцы ехалі на машыне і ўключылі Rammstein. У машыне вісела таксама фанацкая налепка з нямецкім сцягам. Адправілі на суткі.
- Украінскія сцягі таксама становяцца падставай для затрымання.