П'яны бяспраўнік за смяротнае ДТЗ на праспекце Пушкіна атрымаў 8 гадоў калоніі
З матэрыялаў справы вынікае, што ён пасля здзяйснення ДТЗ блытаў сляды, каб пазбегнуць адказнасці за гібель дзяўчыны-пешахода.
26.07.2023 / 11:16
Фота: ДАІ Мінска
Суд Фрунзенскага раёна Мінска асудзіў мінчука, які ўчыніў смяротнае ДТЗ на сталічным праспекце Пушкіна, да васьмі гадоў пазбаўлення волі, піша «Спутнік».
ДТЗ здарылася 18 сакавіка 2023 года, абвінавачаны ехаў на аўтамабілі «Субару» па праспекце Пушкіна ў Мінску з хуткасцю 98 км/г пры дазволенай 60 км/г. З матэрыялаў справы вынікае, што ён пасля здзяйснення ДТЗ блытаў сляды, каб пазбегнуць адказнасці за гібель дзяўчыны-пешахода.
«Пракуратура падтрымала ў судзе дзяржабвінавачанне ў крымінальнай справе ў дачыненні да 25-гадовага мінчука (…) Судом яму прызначана восем гадоў пазбаўлення волі», — паведамілі Sputnik у сераду ў пракуратуры Мінска.
Таксама ён пазбаўлены права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем усімі відамі транспартных сродкаў, на тэрмін восем гадоў.
Мінчука судзілі за два злачынствы: парушэнне ПДР у стане алкагольнага ап'янення, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, а таксама за загадзя лжывы данос аб учыненні злачынства.
Як паведамілі ў пракуратуры Мінска, здзейсніўшы ДТЗ, мужчына, каб пазбегнуць пакарання, паведаміў пра тое, што невядомы збіў яго і сілай завалодаў яго аўтамабілем, на якім і было нібыта здзейснена смяротнае ДТЗ. Ён патрабаваў прыцягнуць гэтую асобу да адказнасці.
Таксама ў часе судовага следства было ўстаноўлена, што канцэнтрацыя этылавага спірту ў крыві на момант здзяйснення ДТЗ у яго была больш за адно праміле. У такім стане, не маючы вадзіцельскіх правоў, ён ехаў па праспекце з хуткасцю 98 км/г і, страціўшы кантроль над дарожнай сітуацыяй, на пешаходным пераходзе збіў дзяўчыну, якая пераходзіла дарогу на дазваляльны сігнал святлафора.
Потым выехаў на сустрэчную паласу, дзе сутыкнуўся з аўтамабілем «Шкода».
«Ад атрыманых траўмаў дзяўчына памерла на месцы ДТЗ», — сказалі ў пракуратуры.
Абвінавачаны на стадыі дасудовай вытворчасці і ў судовым пасяджэнні цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся ва ўчыненым. Прысуд у законную сілу не ўступіў, яго можна абскардзіць.