«Што я ведаю пра мужа? Увогуле нічога». З Андрэем Пачобутам таксама знікла сувязь

Аксана Пачобут, жонка асуджанага журналіста і грамадскага дзеяча Андрэя Пачобута, расказала «Народнай Волі», што лістоў ад мужа яна не атрымлівала з 6 ліпеня.

26.07.2023 / 16:05

Андрэй Пачобут на судзе. Фота: БелТА

«Што на сёння я ведаю пра мужа? Увогуле нічога, — паведаміла Аксана Пачобут. — Акрамя таго, што развіваюцца падзеі па найгоршым сцэнары, калі чалавек проста знікае ў калоніі без якіх-небудзь вестак.

Прыбыўшы месяц таму ў калонію Наваполацка, Андрэй паведаміў пра гэта ў лісце. Таксама ён паспеў паведаміць, што адразу ж у каранціне яго абвясцілі злосным парушальнікам і пазбавілі перадач і спаткання».

Па словах Аксаны Пачобут, з 6 ліпеня лістоў ад мужа няма.

«Да яго не пускаюць адваката, — дадала жонка журналіста. — Таксама стала вядома, што Андрэй у ШІЗА. Верагодна, другі ці трэці раз запар. Невядома, як ён там трымаецца без лекаў».

Журналіст і актывіст польскай супольнасці з Гродна Андрэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года. Згодна з прысудам абласнога суда, ён быў прызнаны вінаватым у публічных закліках да дзеянняў, нібыта накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, распаўсюдзе матэрыялаў, якія змяшчаюць такія заклікі, з выкарыстаннем медыя і сеткі інтэрнэт, а таксама ў наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай, рэлігійнай і іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкметах нацыянальнай, рэлігійнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб.

У лютым гэтага года Андрэю Пачобуту быў вынесены прысуд — восем гадоў зняволення з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Чытайце таксама:

Андрэя Пачобута перавялі ў наваполацкую калонію

Андрэй Пачобут дапускаў, што яго могуць расстраляць

Польскі МЗС пра Пачобута: Больш складана нашкодзіць таму, пра каго ведае ўвесь свет

Nashaniva.com