Да Пуціна не паехалі дзве траціны афрыканскіх лідараў, Крэмль вінаваціць Амерыку

27 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу ладзіцца маштабны форум «Расія — Афрыка», які расійскае кіраўніцтва мела намер напоўніцу выкарыстаць для дэманстрацыі шырокай падтрымцы дзеянняў Расіі па-за межамі заходняга свету. Але з 54 краін Афрыкі толькі 17 адправілі на саміт дэлегацыі з удзелам кіраўнікоў дзяржаў, яшчэ 10 прысылаюць прэм'ер-міністраў, піша The Moscow Times.

26.07.2023 / 16:55

Уладзімір Пуцін з прэзідэнтам Анголы Жуанам Ларэнсу і ягонай жонкай на мінулым форуме «Расія — Афрыка», які адбыўся ў 2019 годзе ў Сочы. Фота: Mikhail Svetlov/Getty Images

Невялікая колькасць кіраўнікоў дзяржаў на форуме Расія-Афрыка стала вынікам «нахабнага ўмяшання» ЗША, Францыі і іншых дзяржаў, заявіў у сераду прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

«Праз іх дыппрадстаўніцтвы былі спробы аказаць ціск на кіраўніцтва гэтых краін з тым, каб перашкодзіць іх удзелу ў форуме», — расказаў Пяскоў на брыфінгу.

Па словах Пяскова, умяшанне Захаду з'яўляецца «цалкам абуральным» фактам, які, зрэшты, «ніякім чынам не перашкодзіць правядзенню саміту».

Прысутнасць лідараў афрыканскіх краін на сёлетнім форуме — удвая менш, чым на аналагічным форуме 2019 года, дзе на найвышэйшым узроўні былі прадстаўлены 45 афрыканскіх краін. Пры гэтым пяць дзяржаў адмовіліся ад удзелу ў саміце зусім, а палова дэлегавалі на яго чыноўнікаў другога рангу: 17 краін прадстаўляюць віцэ-прэм'еры і міністры, а пяць — проста паслы.

У такой сітуацыі Пуцін плануе асабіста сустрэцца з кожным з лідараў афрыканскіх дзяржаў, якія рызыкнулі да яго даехаць. У яго запланаваныя перамовы з прэзідэнтамі Егіпта, Мазамбіка, Бурундзі, Зімбабвэ, Уганды, Эрытрэі, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, Лівіі, Камеруна, Сенегала, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Буркіна-Фасо, Гвінеі-Бісаў, Малі і Конга.

28 ліпеня Пуцін збіраецца выступіць перад афрыканцамі з вялікай прамовай, у якой раскажа пра фармаванне «новага светапарадку» на аснове «шматпалярнасці і роўнасці» ўсіх дзяржаў.

Чытайце таксама:

Пуцін не паедзе на саміт БРІКС у Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, дзе яго павінны былі б арыштаваць

«Мы будзем шчаслівыя, калі ён не прыедзе». У ПАР зноў папрасілі Пуціна не ляцець на саміт БРІКС

Ці можа Прыгожын перабазавацца ў Афрыку? Вось што ўяўляе сабой афрыканская сетка ПВК «Вагнер»

Nashaniva.com