Палітвязня ў Віцебску асудзілі на два гады калоніі за абразу Лукашэнкі

У судзе Віцебскага раёна 21 чэрвеня асудзілі Канстанціна Ступнікава паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Суддзя Міхаіл Зубеня прызначыў Канстанціну два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, піша «Вясна».

27.07.2023 / 12:43

Як паведаміў Канстанцін Ступнікаў на судзе, 25 красавіка гэтага года ён адзначаў Радаўніцу разам з маці, сястрою і яе мужам. Кампанія шмат выпіла, пасля чаго жанчына выклікала на яго міліцыю. Паводле меркавання суда, Канстанцін у прысутнасці міліцыянтаў нецэнзурна выказваўся ў адрас Лукашэнкі.

«У абвінавачанні гучаць словы «прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч». Я не казаў такога, проста сказаў «Лукашэнка». Супрацоўнікі міліцыі мяне не затрымлівалі, не спынялі. Яны проста стаялі і чакалі, пакуль я нагаваруся пры іх. Можна было мяне два разы дубінкай перабіць, каб я прыйшоў у прытомнасць, бо я не памятаю, як я выказваўся».

Nashaniva.com