Коля Лукашэнка прывёз бацьку з Кітая незвычайныя цукеркі. Беларускія вытворцы здолелі іх паўтарыць
Аляксандр Лукашэнка прыняў сёння з дакладам віцэ-прэм'ера Леаніда Зайца. Было абмеркавана некалькі пытанняў.
27.07.2023 / 13:03
Аляксандр Лукашэнка і Леанід Заяц. Фота: БелТА
Так, нядаўна падчас адной з рабочых паездак Лукашэнка звярнуў увагу на папулярны ў Кітаі прадукт — цукеркі з прэсаванага сухога малака. Гэтай сыравіны ў Беларусі дастаткова, і Лукашэнка прапанаваў арганізаваць такую вытворчасць і ў сябе. Ужо выпушчана невялікая пробная партыя, паведамляе ягоная прэс-служба.
«Табе цукеркі даручалася зрабіць. Ты зрабіў іх ці не? Каб людзі разумелі, што ў нас сухога малака абястлушчанага — мора. А ў Кітаі мы падгледзелі іх тэхналогіі вытворчасці рознага роду кандытарскіх вырабаў, у гэтым выпадку цукерак. Наогул без цукру з сухога малака. Можна дадаваць туды нейкія раслінныя дадаткі. Асабліва для дзяцей. Шчыра кажучы, калі Мікалай прывёз мне іх з Кітая, я пакаштаваў сам. Вядома, гэта не для мяне. Але дзеці, маленькія дзеці з найвялікшым задавальненнем ядуць гэты ласунак. Чаму мы не можам рабіць гэта і прадаваць? І, галоўнае, сваіх людзей забяспечыць».
Заяц адказаў, што спецыялісты адрэагавалі належным чынам, і паказаў расфасаваны гатовы прадукт.
Узоры цукерак. Скрын відэа з канала «Пул першага»
Пад вытворчасць пробнай партыі пакуль задзейнічалі лінію на заводзе медпрэпаратаў. «Тут у саставе сухое малако. Некаторыя ёсць — дзіцячае харчаванне да 40% даходзіць. Сухое неразведзенае малако, сыроватка. Розны састаў. Але вельмі прыемныя на смак, і для спажыўца досыць нядрэнны прадукт», — апісваў цукеркі Леанід Заяц.
«Так, тут вось парэчкі дададзеныя. Тут дададзена аскарбінавая кіслата. Дзве такія пігулачкі на кубак цёплай вады — як малако. Прыемна спажываць. Салодзенькія», — дадаў віцэ-прэм'ер.
Лукашэнка кажа, што цукеркі маюць добры экспартны патэнцыял: «Бачыш, кітайцы малайцы. Яны ўхапіліся за гэта. І яны запаланілі — паўтара мільярда чалавек — свой рынак вось такім ласункам. Мы можам папросту і ў Кітай пастаўляць».
«І фасоўку добрую зрабіць, каб пакаваць можна было ў адпаведную тару. І ўсё пойдзе», — працягнуў думку Леанід Заяц.
«Трэба, каб пакаштавалі дзеці, дарослыя. Трэба зрабіць дастатковую колькасць і апрабаваць», — рэзюмаваў Лукашэнка.