У Крэўскім замку раскапалі падмурак трэцяй вежы
Раней меркавалася, што Крэўскі замак мае ў плане трапецыю з дзвюма вежамі па вуглах. Некалькі дзён таму падчас археалагічных раскопак знайшлі падмурак трэцяй вежы, піша Reform.by.
27.07.2023 / 13:50
Лакалізацыя вежы на рэканструкцыі Крэўскага замка. Фота: facebook / kreva.park
Кіраўнік раскопак кандыдат гістарычных навук археолаг Алег Дзярновіч паведаміў, што гэта вельмі важнае адкрыццё і для гісторыі Крэўскага замка, і для гісторыі даследаванняў пачатку мураванага абарончага дойлідства Вялікага Княства Літоўскага.
Мінулы археалагічны сезон дазволіў лакалізаваць малую браму з унутрывежавым лесвічным тунэлем у ёй, знаходкі важныя для рэканструкцыі вялікай брамы.
Цяпер на рогу замка быў раскапаны вялізны падмурак, шырынёй пад два метры (192—194 см). Таксама з дапамогай польскіх калег удалося падняць матэрыялы польскага міжваеннага абследавання, і на іх таксама абазначаны рэшткі тых пабудоў, якія сёння можна інтэрпрэтаваць як вежу, паведаміў гісторык.
Выяўленыя падмуркі трэцяй вежы. Фота: facebook / kreva.park
У тым жа вугле магла быць і трэцяя брама, таму замак у гэтым месцы найбольш зруйнаваны, магчыма, менавіта тут войскі князя Свідрыгайлы ў 1433 годзе, падчас дынастычнай барацьбы, прарваліся ўнутр. Вежа была пашкоджаная і больш не аднаўлялася.
Структура Крэўскага замка была больш складанай, разгалінаванай і больш функцыянальна насычанай, зрабіў выснову Алег Дзярновіч.
Нагадаем, што цяпер адбываецца кансервацыя, рэстаўрацыя і археалагічныя даследаванні Крэўскага замка, унікальнага помніка абарончага дойлідства пачатку XІV стагоддзя (паводле іншых меркаванняў — канца XІІІ стагоддзя). У Крэўскім замку размяшчалася рэзідэнцыя вялікіх князёў.
Чытайце таксама:
З рыцарамі, старастам і князем Альгердам. На Юравай гары ў Крэве адкрылі вежу-дазорцу
Ля замка ў Крэве знайшлі газалярм
Якія артэфакты знайшлі падчас раскопак у Крэўскім замку ў мінулым годзе