Зміцер Дашкевіч знаходзіцца ў карцары

«Ад першага дня прыезду ў турму Жодзіна Зміцер знаходзіцца ў карцары. Ён вымушаны знаходзіцца там, бо адмаўляецца ісці ў камеру да гвалтаўнікоў, куды яго заводзяць», — паведамілі яго сябры ў сацсетках.

27.07.2023 / 14:30

Зміцер Дашкевіч. Фота: «Наша Ніва»

Палітвязень Зміцер Дашкевіч павінен быў выйсці на волю на пазамінулым тыдні пасля 16-ці месяцаў, праведзеных за кратамі. Але яго пакінулі за кратамі па артыкуле 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі).

«Сёння мусіў выйсці Зміцер. Але ён «вызваліўся» з ПК-14 і быў арыштаваны па 411-м артыкуле (непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі). Я не ведаю, што сказаць дзецям, якія з раніцы чакаюць тату дома. Я не ведаю…» — напісала 11 ліпеня Наста Дашкевіч у фэйсбуку.

***

Год таму Змітра Дашкевіча разам з жонкай Настай абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года. 14 ліпеня 2022 года Змітру прызначылі 1,5 года калоніі, а Насце — 3 гады «хатняй хіміі».

Цяпер Змітра Дашкевіча, як і іншых палітвязняў, адносна якіх яшчэ не было суда або прысуд не набыў моцы, можна падтрымаць наступнымі спосабамі.

Падтрымаць Змітра: 222160, Жодзіна, Савецкая, 22А, Турма N8, Зміцер Вячаслававіч Дашкевіч.

Nashaniva.com