Літва настойвае на больш строгіх санкцыях супраць Беларусі
У Літве мяркуюць, што пасля зацвярджэння Еўрасаюзам новых санкцый супраць Беларусі яны павінны быць узмоцненыя. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс.
27.07.2023 / 15:49
Габрыэлюс Ландсбергіс. Фота: AP
Па словах літоўскага міністра, санкцыі супраць Беларусі мусілі быць прынятыя ўжо даўно. Ён заклікаў ЕС не спыняцца на гэтым, паведамляе LRT.
«Пасля гадавога перапынку былі зацверджаны новыя санкцыі супраць Беларусі — адбылося тое, што даўно павінна было адбыцца. Беларусь падтрымлівае расійскую агрэсію ва Украіне, сітуацыя з правамі чалавека працягвае пагаршацца, а тэрыторыю Беларусі выкарыстоўваюць для абыходу санкцый супраць Расіі», — адзначыў Ландсбергіс.
Ён пацвердзіў, што новы пакет уводзіць новыя абмежаванні на тавары падвойнага прызначэння, авіяцыйныя запчасткі. З ягоных слоў, гэта дапаможа прадухіліць «з'яўленне такіх тавараў на полі бою», а таксама змагацца з абыходам санкцый супраць Расіі праз Беларусь.
«Аднак мы не можам сядзець склаўшы рукі — апошняя частка санкцыйнага пакета павінна быць прынятая неадкладна. Спадзяюся, нам не прыйдзецца чакаць гэтага гэтак жа доўга», — падкрэсліў Ландсбергіс.
Напярэдадні стала вядома, што амбасадары ЕС узгаднілі ўвядзенне новых санкцый супраць Беларусі за яе сувязь з расійскай захопніцкай вайной.
Чытайце таксама: