«Белавія» прадае адзін са сваіх «Боінгаў»

Беларуская авіякампанія «Белавія» прадае адзін са сваіх самалётаў Boeing. Аўкцыён прызначылі на 18 жніўня. Стартавы кошт — 5,7 мільёна рублёў. Самалёт Boeing 737-500 выпушчаны ў 1996 годзе і носіць бартавы нумар EW-290PA.

27.07.2023 / 19:39

Фота: ipmtorgi.by

У аўкцыённым лоце паведамляюць наступнае:

«Маёмасць, якая была ва ўжытку. Працаздольнасць ДУЗ, вузлоў і агрэгатаў не правяралася. Пры інструментальным кантролі, дыягностыцы, разборцы магчымае выяўленне схаваных дэфектаў. Удзельнік аўкцыёну самастойна азнаямляецца з прадметам аўкцыёну, яго камплектнасцю, наяўнасцю дакументацыі і бягучым тэхнічным станам у месцы яго знаходжання да пачатку таргоў».

Фота: ipmtorgi.by

Першапачаткова гэты самалёт уваходзіў у склад паветранага флоту Бразіліі, потым выкарыстоўваўся літоўскім авіяперавозчыкам, а ў «Белавія» ён з 2009 года.

Сёлета борт EW-290PA лётаў усяго адзін раз, з Екацярынбурга ў Мінск, а потым стаяў на захоўванні.

Улады ЗША ў 2022 годзе забаранілі абслугоўванне Boeing з Беларусі, таму рухавікі гэтага паветранага судна маюць патрэбу ў капрамонце.

Зыходзячы са звестак з сайта «Белавія», у парку авіякампаніі яшчэ застаюцца і іншыя самалёты Boeing і Embraer.

Чытайце таксама:

Мінскі аэрапорт запусціў у тэлеграме віртуальнага памочніка для пасажыраў

У Мінску задумаліся над авіярэйсам, які злучыць Беларусь і Кубу

«Белавія» запускае рэйсы ў Індыю. Без перасадак

Nashaniva.com