«З таго боку няма ані найменшай добрай волі». Кіраўнік польскага МУС выказаўся пра перспектывы вызвалення Андрэя Пачобута
27.07.2023 / 23:12
Міністр унутраных спраў Польшчы Мар'юш Каміньскі заявіў, што на гэты момант няма ніякіх умоў для вызвалення журналіста-палітвязня, актывіста польскай нацыянальнай супольнасці ў Беларусі Андрэя Пачобута з турмы.
Андрэй Пачобут падчас суда
«Мы распачалі ўсе магчымыя спробы вызваліць Андрэя Пачобута з турмы. Аднак з вялікім шкадаваннем даводзіцца канстатаваць, што на сёння для гэтага няма ніякіх умоў. З таго боку няма ані найменшай добрай волі», — цытуе чыноўніка Wnp.pl.
Міністр падкрэсліў, аднак, што неабходна памятаць як пра Пачобута, так і пра сотні іншых палітычных зняволеных у Беларусі.
«Гэта сапраўдныя беларусы, а не Лукашэнка. Гэта лідары, кіраўнікі беларускай нацыі, якія знаходзяцца ў турме, гэта тыя, хто рэальна прадстаўляе беларускую нацыю. І з такой нацыяй мы будзем ствараць агульную будучыню», — заявіў Мар'юш Каміньскі.
Паводле слоў жонкі палітвязня Аксаны Пачобут, з 6 ліпеня яна не атрымлівае ад мужа лістоў. Як мяркуецца, у калоніі ён быў адпраўлены ў штрафны ізалятар.
У лютым гэтага года Пачобута асудзілі да васьмі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пакаранне ён адбывае ў наваполацкай калоніі.
Чытайце таксама:
Андрэй Пачобут дапускаў, што яго могуць расстраляць
Польскі МЗС пра Пачобута: Больш складана нашкодзіць таму, пра каго ведае ўвесь свет
Сакрэт нязломнасці. Андрэй Пачобут, закладнік Аляксандра Лукашэнкі, святкуе 50-годдзе ў турме