Стаў вядомы прысуд дзіцячаму пісьменніку і настаўніку Дзмітрыю Юртаеву

Стаў вядомы прысуд, які Мінгарсуд вынес палітзняволенаму паэту Дзмітрыю Юртаеву. Суд над ім працягваўся з 14 па 29 красавіка. Справу разглядала суддзя Анжэла Касцюкевіч.

28.07.2023 / 16:00

Юртаева абвінавацілі у абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і распальванні іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК), піша «Вясна».

Палітзняволены Дзмітрый Юртаеў быў затрыманы 21 верасня 2022 года супрацоўнікамі ГУБАЗіК. Выкладчыка прымусілі на камеру чытаць уласныя вершы і апраўдвацца: нібыта ён у жніўні 2020 года хадзіў на акцыі, пісаў допісы ў фэйсбуку і «УКантакце». Таксама ў праўладных каналах зʼявіліся скрыншоты з яго сацыяльных сетак з крытыкай дзеянняў уладаў.

29 красавіка Дзмітрыю вынеслі прысуд — два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такі тэрмін і запытваў пракурор.

Юртаеў падаваў апеляцыю, якую Вярхоўны суд разгледзеў 11 ліпеня 2023 г. Суддзя Таццяна Васілевіч пакінула скаргу без задавальнення. А 28 ліпеня асуджанага паэта ўнеслі ў пералік «Асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Nashaniva.com