У «Беларусьфільма» новы кіраўнік — чаму знялі папярэдняга?
28 ліпеня ў «Беларусьфільма» змяніўся гендырэктар. Замест Уладзіміра Карачэўскага на пасаду прыйшоў намеснік старшыні «Белай Русі» па Гродзенскай вобласці Юрый Аляксей. Чаму замянілі кіраўніка студыі і чаго ў сферы кіно дабіўся Аляксей?
29.07.2023 / 11:33
Мемарыяльная дошка ў гонар Віктара Турава на фасадзе «Беларусьфільма». Фота: commons.wikimedia.org
Былы гендырэктар «Беларусьфільма» Уладзімір Карачэўскі ўзначаліў студыю ў 2018 годзе. Датуль ён працаваў у Тэатры беларускай драматургіі і паспрыяў яго развіццю.
Кінакрытык Тарас Тарналіцкі кажа, што Карачэўскі спрабаваў правесці аптымізацыю «Беларусьфільма»: «На студыі ўвялі рэформу і сталі выводзіць усіх супрацоўнікаў па-за штат. Аднак скончылася тым, што са студыі сышлі амаль усе дасведчаныя і больш-менш таленавітыя супрацоўнікі».
Пасля 2020-га на «Беларусьфільме» пачаліся тыя самыя рэпрэсіі і чысткі, што і ва ўсёй краіне, прадукцыя стала яшчэ больш ідэалагізаванай — і дакументальныя, і гульнявыя стужкі. Напрыклад, фільм «Ліст чакання» пра беларускіх медыкаў, адзін з якіх вельмі хоча з’ехаць у Германію, а іншыя ўгаворваюць яго гэтага не рабіць.
Крыніца «Нашай Нівы» кажа, што пра магчымае звальненне Карачэўскага пачалі гаварыць у канцы сакавіка. Перад гэтым Лукашэнка выказаў незадаволенасць «Беларусьфільмам» падчас свайго паслання парламенту і народу (маўляў, «дзе яна, гэтая кінавытворчасць»).
Тады ж па «Беларусьфільме» прайшоўся ў ютуб-стрыме Рыгор Азаронак: «Добра, мастацкае кіно вы не можаце зняць, хаця што вам перашкаджае. А дзе дакументальныя фільмы пра дзяржпераварот? Ручкі пэцкаць не жадаеце, жадаеце на кінафестывалі ў Еўропкі ездзіць, каб вас там прымалі?».
Ад студыі сталі патрабаваць не проста прапаганды, а крыважэрнай прапаганды.
«Раней яны часам здымалі нешта кампраміснае і ў іх кантэнце можна было пабачыць мастацкі элемент, ідэі або матывы, а цяпер яны робяць рэчы выключна ў падтрымку дзяржавы і яе палітыкі, таксама здымаюць пра Савецкі Саюз і вайну. Яны далучыліся да кампаніі па генацыдзе, якую зладзіў генпракурор Швед, у студыі выходзілі пра гэта фільмы (і абяцалі выпусціць мультфільм пра генацыд. — НН).
Карачэўскі прыйшоў з эстрады і мае талент адносна добрага менеджара, але цяпер часы зусім не пра менеджараў, а пра стварэнне ідэалагічнай кінапрадукцыі», — кажа Тарналіцкі.
Іншая крыніца «Нашай Нівы» мяркуе, што прычына не толькі ў кантэнце, а ў тым, што Карачэўскі быў недастаткова актыўны ў палітычных звальненнях. Фактычна, чысткі кадраў ініцыяваў намеснік дырэктара, адказны за ідэалогію і бяспеку, былы кадэбіст, які з'явіўся на кінастудыі зімой 2022-га, а Карачэўскі пагаджаўся з яго «прапановамі» («Наша Ніва» падрабязна расказвала пра гэтага супрацоўніка, якога празвалі «Адольф»).
Пра ролю былога кадэбіста на кінастудыі згадвае і Тарналіцкі.
«Паводле маіх даных, сам Карачэўскі там толькі падпісваў дакументы, а насамрэч уся ўлада была ў КДБ. Яны адсочвалі нелаяльных супрацоўнікаў, часам адсейвалі людзей, якія мусілі ствараць кіно».
Недастатковай лаяльнасцю кадраў абурыўся пасля звальнення Карачэўскага Азаронак. «Змагарства паўсюль», — выказаўся ён на СТБ.
«Там Латушкавы кадры натапталі такога, што не разгрэбці. Бедны новы генеральны дырэктар. Яго чакае сапраўды суровае патрабаванне ад кіраўніка дзяржавы і трэба будзе расчышчаць гэтыя Аўгіевы стайні. Бо дзеячы навыраблялі такога, якія потым у 2020 годзе скакалі. Мы неаднаразова ўздымалі пытанне, тут без усялякай хвальбы, проста скажам, што беларускія, напрыклад, тэлеканалы і нават выдавецкія дамы зрабілі пад некалькі дзясяткаў розных дакументалак, фільмаў пра падзеі 2020 года. Студыя «Летапіс», нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» не зрабілі ніхрана».
Азаронак дадаў таксама, што «ў 2020 годзе на мітынгі хадзілі некаторыя персанажы».
Ані вядомых кінарэжысёраў, ані паспяховых кінапрадзюсараў сярод лукашыстаў няма ніводнага, таму Карачэўскага замянілі на Юрыя Аляксея, чыноўніка з Гродна, які працаваў у кінавідэапракаце.
Аляксей пачынаў кар’еру з працы фатографам, мае тры адукацыі — юрыдычную, эканамічную і менеджарскую. У маладосці ён пару гадоў папрацаваў тэхнікам-рэнтгенолагам у Гродзенскай абласной бальніцы і дырэктарам па эканамічных пытаннях у прыватнай фірме, але пасля пайшоў у ідэолагі. Аляксей займаў пасады ў структурах БРСМ, у Гродзенскім гар– і аблвыканкаме.
Юрый Аляксей. Скрын відэа Пула первого
Пакуль ён загадваў кінапракатам, у кінатэатры «Гродна» праводзіліся розныя патрыятычныя акцыі з удзелам прызыўной і дапрызыўнай моладзі.
Юрый Аляксей сам два гады адслужыў у вайсковай часці ў Брэсце.
«Самае галоўнае — войска выхоўвае з маладога чалавека сапраўднага мужчыну. Там сустракаешся з першымі сапраўднымі цяжкасцямі, вучышся іх пераадольваць, устойліва пераносіць усе нягоды. У ходзе службы выяўляюцца ўсе найлепшыя якасці чалавека», — расказваў ён агенцтву «Ваяр».
У войску ён упершыню і галасаваў — сцвярджае, што за Лукашэнку.
У 2012-м чыноўніка абралі сябрам Савета Рэспублікі, у 2020-м ён актыўна ўдзельнічаў у гарадскіх акцыях «За Бацьку!». Ганарыцца, што быў дэлегатам чатырох Усебеларускіх народных сходаў — з'ездаў лукашэнкаўскага актыву, які не абіраецца народам.
У інтэрв’ю выданню «Беларусь сегодня» Аляксей расказваў, як падтрымліваў Лукашэнку пасля фальсіфікаваных выбараў 2020-га: «Памятаю, як 16 жніўня, у год выбараў, ездзілі ў Мінск, стаялі на плошчы пад сцягамі «Белай Русі». І, без перабольшвання, мы адстаялі краіну! Гэта быў своеасаблівы экзамен».
«Выношваем планы стварэння серыі патрыятычных мультфільмаў для дзяцей 5—6 гадоў, дзе ў гульнявой форме раскажам пра гімн, сцяг, герб Беларусі» — дзяліўся ён.
Прызначаючы новага кіраўніка студыі, Лукашэнка павучаў яго: «Трэба выдаць на-гара пэўную колькасць фільмаў — розных, для розных катэгорый. Магчыма, пайсці па расійскім шляху. Вядома, менш бы гэтай крывішчы, бандытызму, забойстваў, пісталетаў, аўтаматаў, разборак і гэтак далей. Хаця і ў нас ёсць часы, якія мы мусім людзям паказаць — што было насамрэч. Але галоўнае — актуальныя тэмы (іх таксама хапае), на базе якіх мы мусім здымаць фільмы і паказваць людзям, выхоўваючы іх».
Тарналіцкі мяркуе, што Аляксея выбралі па прынцыпе ідэалагічнай вернасці: «Іх праца цяпер — чыстая ідэалогія, і, напэўна, менеджары там не патрэбныя. Замест іх патрэбныя функцыянеры, якія будуць глядзець, як выконваецца ідэалагічная лінія партыі, што трэба Лукашэнку і вузкаму колу людзей, якія прымаюць рашэнні ва ўладзе».
Чытайце таксама:
Пра злых палякаў і партызан. Што здымаюць на «Беларусьфільме» ў апошнія гады
«Беларусьфільм» выпусціў прапагандысцкі фільм пра лекараў, якія не хочуць з'язджаць з краіны