Пуцін расказаў афрыканскім лідарам новую версію адыходу расійскіх войскаў з-пад Кіева

На эканамічным форуме Расія — Афрыка Уладзімір Пуцін заявіў, што расійскія ўлады прасілі адвесці войскі з-пад Кіева дзеля мірнай дамовы, але пасля падманулі.

29.07.2023 / 08:15

«Пасля адводу нашых войскаў з-пад Кіева — а нас прасілі гэта зрабіць, каб стварыць умовы для ўкладання канчатковай дамовы, — кіеўскія ўлады адмовіліся ад усіх ранейшых дамоўленасцяў», — заявіў прэзідэнт Расіі.

Як адзначаюць расійскія медыя, фрагмент з гэтым выказваннем быў выдалены з тэлеграм-канала Крамля, хаця першапачаткова прысутнічаў у відэа. У тэкставай расшыфроўцы на сайце Крамля гэты момант таксама адсутнічае.

Нагадаем, у сакавіку 2022 года ўкраінскія войскі перайшлі ў контрнаступ пад Кіевам і Сумамі. Над расійскімі групоўкамі на правым беразе Дняпра ў Бучы і Гастомелі і над расійскай групоўкай на левым беразе Дняпра ў раёне Прылук навісла пагроза атачэння. Таму Мінабароны Расіі выступіла з заявай аб скарачэнні баявых дзеянняў на кіеўскім і чарнігаўскім напрамках «у мэтах павышэння ўзаемнага даверу» і ў рамках «планавай перагрупоўкі войскаў».

Пасля прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў патлумачыў адступленне расійскіх войскаў ад Кіева «жэстам добрай волі».

Nashaniva.com