Беларусы закупляюцца на 20 рублёў штодня — Белстат

Амаль 100% пакупнікоў у 2022-м выбіралі яйкі, мяса, цукар і масла беларускай вытворчасці.

30.07.2023 / 15:35

Фота: «Наша Ніва»

У першым паўгоддзі 2023-га беларусы кожны дзень трацілі ў сярэднім 20 рублёў на пакупкі. Такую статыстыку падрыхтаваў Белстат да дня гандлю, які сёлета выпаў на 30 ліпеня, звярнула ўвагу Tochka.by.

У 2022 годзе агульная доля продажу айчынных тавараў склала больш за палову — 60,9%.

Ілюстрацыя Белстат

Калі браць асобныя прадукты, то ў кошыках пакупнікоў былі яйкі толькі беларускай вытворчасці, масла ў 99,9%, а мяса і мясныя прадукты — у 99,4%.

З нехарчовых тавараў беларускай вытворчасці самая высокая доля ў мэблі (73,1%).

Таксама пакупнікі часта выбіралі беларускія панчошна-шкарпэткавыя вырабы (71,9%) і ніжнюю бялізну (61 %).

Што беларусы купляюць у інтэрнэце

Белстат назваў топ-5 тавараў, якія ў 2022 годзе беларусы куплялі ў інтэрнэт-крамах часцей, чым нешта іншае.

На першым месцы апынуліся электрабытавыя прыборы і інструменты. Іх доля ў агульным тавараабароце інтэрнэт-крам у 2022-м дайшла да 12,2%. Другое месца занялі пакупкі аўтааматараў — «дэталі і прылады для аўтатранспартных сродкаў» (11,9%). Трэцяя катэгорыя тавараў па папулярнасці —адзенне (9,4%).

Практычна на адным узроўні знаходзіліся парфумерна-касметычная прадукцыя і туалетныя прыналежнасці (7,7%) і будаўнічыя матэрыялы (7,6%).

Nashaniva.com