У Кыргызстане звольняць чыноўнікаў, якія не гавораць па-кыргызску: «Было дастаткова часу, каб вывучыць»
31.07.2023 / 7:8
Урад Кыргызстана аб'явіў, што дзяржаўныя чыноўнікі, якія не размаўляюць на дзяржаўнай мове — кыргызскай — будуць звольненыя з працы. Папярэджанне прагучала праз некалькі дзён пасля таго, як прэзідэнт Садыр Жапараў падпісаў закон, які абавязвае дзяржаўных службоўцаў валодаць кыргызскай мовай, піша «Радыё Свабода».
Фота: «Радыё Свабода»
Напярэдадні кіраўнік Нацыянальнага камітэта дзяржаўнай мовы Каныбек Асманаліеў заявіў, што ў чыноўнікаў, якія не валодаюць кыргызскай мовай, было дастаткова часу, каб вывучыць яе, бо намаганні па ўмацаванні статусу дзяржаўнай мовы рабіліся гадамі.
Закон патрабуе, каб усе дзяржаўныя службоўцы, у тым ліку дэпутаты, супрацоўнікі банкаў, праваахоўных органаў, суддзі, пракуроры, адвакаты і натарыусы, свабодна валодалі кыргызскай мовай.
Кыргызстан упершыню прыняў закон аб дзяржаўнай мове ў 1989 годзе, і ў яго некалькі разоў уносіліся папраўкі.
«У папярэднім законе гаварылася, што «афіцыйныя дакументы павінны складацца альбо на дзяржаўнай (кыргызскай), альбо на афіцыйнай (рускай) мове». Толькі з прычыны гэтага «альбо» ўся дакументацыя 34 гады пісалася на рускай мове. Мы гэта [ў новым законе] прыбралі», — заявіў Асманаліеў.
Новы закон абвяшчае, што ўсе афіцыйныя дакументы надалей павінны пісацца на кыргызскай мове, а пры неабходнасці будуць перакладацца на іншыя.