Валянціну Болбат з Верхнядзвінска забралі адседжваць прысуджаныя раней 30 сутак арышту

Грамадскую актывістку з Верхнядзвінска раніцай 31 ліпеня міліцыянты забралі з дому. Яна павінна адседзець прысуджаныя ёй раней 30 сутак, і, хутчэй за ўсё, гэта будзе ў Віцебскім ІЧУ, піша «Віцебская вясна».

31.07.2023 / 10:43

Валянціна Болбат

Гэта ўжо не першы арышт, прысуджаны вядомай актывістцы з Верхнядзвінску. Умовы, у якіх яе ўтрымлівалі за кратамі, істотна пахіснулі здароўе Валянціны. Яна перанесла гіпертанічны крыз, мае праблемы з сэрцам, і з тае прычыны некалькі разоў трапляла ў шпіталь пасля знаходжання ў Наваполацкім ЦІПе.

Апрача гэтага, жанчына мае запазычанасці па прысуджаных раней адміністрацыйных штрафах. Усяго Болбат сёлета судзілі паводле арт.19.11 КаАП і 24.23 КаАП шэсць разоў.

Nashaniva.com