Лукашэнка выпісаў свайму малодшаму сыну стыпендыю як «таленавітаму студэнту»

На сайце Лукашэнкі з'явіўся пералік таленавітых вучняў, студэнтаў і іх выкладчыкаў, якім належаць разавыя выплаты або стыпендыі. Сярод гэтых людзей знайшоўся і поўны цёзка малодшага сына Лукашэнкі, якому за подпісам бацькі зараз належыць падвышаная стыпендыя. 

31.07.2023 / 12:15

Аляксандр і Мікалай Лукашэнка на хакеі. Скрыншот з відэа

«Прызначыць стыпендыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на другі семестр 2022/2023 навучальнага года памерам 186,97 рубля штомесячна студэнтам, курсантам, […]», — гаворыцца ў тым раздзеле апублікаванага на сайце Лукашэнкі дакумента, у якім называецца студэнт першага курса БДУ Лукашэнка Мікалай Аляксандравіч. 

Узрост і месца вучобы гэтага Мікалая супадаюць з вядомымі фактамі пра малодшага сына Лукашэнкі, які скончыў першы год вучобы на біяфаку БДУ. 

Чытайце таксама: Мікалай Лукашэнка вывучае біятэхналогіі ў рамках праекта з Кітаем

Мікалай Лукашэнка наўрад ці рашыцца адмовіцца ад бацькавай стыпендыі. Для такога трэба была б немалая смеласць. Так, 22-гадовую спявачку Патрыцыю Свіціну, якая адмовілася ад лукашэнкаўскай прэміі для таленавітай моладзі, пачнуць судзіць 1 жніўня. Яе абвінавацілі ў патрабаванні свабодных выбараў і асуджэнні вайны ва Украіне.

Мікалай Лукашэнка працягвае суправаджаць тату ў яго паездках. Апошні раз гэта здарылася з 22 да 25 ліпеня, калі Лукашэнка сустрэўся з Пуціным у Санкт-Пецярбурзе, а пасля разам паехалі ў праваслаўны манастар на востраве Валаам. Там Коля з тэлефонам трапіў на відэа: ён здымаў прэзідэнтаў падчас іх экскурсіі па востраве.

Nashaniva.com