Як слова начальніка ІЧУ нічога не значыць

Іна Зайцава, вядомая як «БЧБ-нявеста», у новым выпуску на канале «Ток» распавяла гісторыю аб тым, як страціла сваю знакамітую вясельную сукенку.

04.08.2023 / 15:58

Іна Зайцава падчас інтэрв'ю. Скрын відэа «Ток»

Іна згадвае, што ў кастрычніку 2020 года ў гродзенскі ІЧУ яна патрапіла ў сваёй знакамітай сукенцы.

«Мне напісалі ў тэлеграме: «Іна, мы ведаем, што вы ў Гродне. Мы вашы фанаты. Мы хочам з вамі сфатаграфавацца. Можна, мы пад'едзем і сфатаграфуемся?»

Паводле слоў Іны, калі б побач быў яе муж, то ён бы адразу зразумеў падман.

«Мы сапраўды пафатаграфаваліся. Дзве машыны АМАПа. Захаплення і ў мянтоўцы было шмат, —

заўважае Іна і распавядае падрабязнасці затрымання:

— Адчыняюцца дзверы. Крык «Выходзь!». Я сяджу, як вясельны пірог, на заднім сядзенні. Спрабую гэта ўсё сабраць. Гэта доўгі працэс — «выходзіць з машыны ў вясельнай сукенцы». А ён мяне проста зграбае і на дарогу выкідае. Я як кулёк у гэтым усім торце. Торт канчаткова заблытваецца. Я смяюся гамерычным рогатам і ўяўляю гэтую карціну збоку. Мне вельмі смешна. А ён крычыць матам: «Уставай. Я сказаў, уставай!»

Я смяюся яшчэ мацней і кажу: «Вы нават піхнуць мяне можаце. Але гэта працэсу не паскорыць: я заблыталася ў спадніцах». Побач апынуўся напарнік з інтэлектам трохі вышэйшым за малпу. Ён кажа: «Пачакай. Яна ў сукенцы. Яна зараз устане». Я думаю: «Якая светлая думка». І спакойна ўстала».

Іна згадвае, што ўвесь працэс запісваўся на камеру. Потым запіс быў выкладзены ў ютубе.

«У 32 зубы я стаю і ўсміхаюся. Ён здымае. Там жа не відаць, што за спінаю. А там паўкругам людзі ў чорным і ў масках. Вадзіцеля і маю сяброўку яны адправілі дапытваць у асобнай машыне. Я стаю і разумею, што гэта як у нейкіх хорарах, калі любая іскра варʼяцтва, і нішто гэтаму не перашкодзіць. Стаіць 15 чалавек і адна жанчына. Любая іскра, ідэя, якая прыйшла некаму ў галаву, можа быць рэалізаваная: паздзекавацца, усё што заўгодна», —

адзначае Іна і заўважае, што яе заўсёды выратоўвае гумар.

«У нас адбылася «інтэлектуальная размова» з гумарам. Працягваючы ўсміхацца ў 32 зубы, я атрымала сваю долю прызнання, захаплення. «Вы прыгожая дзяўчына. Давайце сфатаграфуемся». І нікуды далей гэта не пайшло. Потым прывезлі ў міліцыю, і ўсе па чарзе бегалі: «Нам прывезлі БЧБ-нявесту. Ідзіце паглядзіце», — расказвае яна.

— Ты разумееш, што вось гэтая мяжа паміж тым, што ты сядзіш на крэсле ці ляжыш збітая, вельмі нетрывалая. Адлегласць паміж гэтым можа складаць думка аднаго чалавека. Таму я трымалася з усмешкай, імкнучыся ствараць поле нармальнасці вакол сябе».

Тых, каго ў той дзень затрымалі, судзілі і выпусцілі на другі дзень. Але не Іну.

«Хіба што быў сігнал, каб не выйшла ў сукенцы. Я яе здымала, бо ў камеры ў ёй на шконцы не паляжыш. Пад сукенкаю ў мяне былі легінсы. Вышэй было голае цела і куртка. Я здымала сукенку і складвала пад шконкай, а ў куртцы на голае цела і ў легінсах спала. Яны «прасяклі гэтую фішку», калі перавялі да дзвюх дзяўчат, якія сядзелі не з-за палітыкі. Калі я зняла сукенку, начальнік ІЧУ разам з двума супрацоўнікамі зайшлі і сказалі, што ім трэба зняць маю сукенку як рэчавы доказ і што яны мне яе вернуць. А я разумею, што яна знятая. Калі б яна была на мне, то можна было б пасупраціўляцца. А тут яна ўжо знятая.

І стаіць трое мужыкоў. Усё, што я магла зрабіць, гэта сказаць начальніку: «Дайце слова мужыка, што мая сукенка будзе мне вернутая». Гэта ўсё, што тады я магла зрабіць. Ён адказаў: «Зразумела. Без пытанняў». Ён так лёгка гэта зрабіў», — кажа яна.

Іна адзначае, што сукенку ёй не вярнулі. Яна нагадала начальніку пра яго слова. «Ён [адказаў]: «Так. Так. Нічога страшнага». Гэта значыць, што асабістыя якасці згубленыя ўжо даўно», — каментуе Іна.

Глядзіце цалкам:

Антось Жупран