Палітвязня-эмігранта спрабаваў завербаваць гэбіст. Вось як ён падбіраўся

Валянцін Лабачоў вызваліўся з калоніі зімой 2023 года, цяпер жыве ў Варшаве.

31.07.2023 / 14:42

Фота: сацыяльныя сеткі

Лабачоў больш за дзесяць гадоў займаўся ў Магілёве грамадкай і палітычнай дзейнасцю. Ён сцвярджае, што ўвагу спецслужбаў прыцягнуў задоўга да выбараў 2020 года, як піша «Радыё Свабода».

«Яшчэ ў 2010 годзе са мной яшчэ тады праводзіў гутаркі, не памятаю прозвішча, але звалі яго Андрэй Рыгоравіч. А калі цяпер я ўжо адбыў тэрмін, вярнуўся дахаты, пераехаў у Польшчу, ад яго мне ў «Аднакласніках» паступілі дзіўныя прапановы», — сцвярджае былы вязень.

Лабачоў паказвае скрыншоты сваіх перапісак з «Аднакласнікаў». З словаў Валянціна, ягоны суразмоўца там — супрацоўнік КДБ (На гэты момант рэдакцыя «Свабоды» не можа гэтага зняпраўдзіць ці пацвердзіць. — РС).

У гэтых дыялогах суразмоўцы дыскутуюць аб патрыятызме і любові да Беларусі. На рэпліку Валянціна аб тым, што ён «працуе на карысць беларускага народу» меркаваны супрацоўнік спецслужбаў адказвае прапановай аб’яднаць высілкі.

«Тое, што ты называеш дабром для народу — гэта ілюзія, якую ствараюць за грошы прадажныя псеўдапалітыкі, ім Радзіму прадаць — вокам не міргнуць. Сапраўдныя патрыёты — за яе незалежнасць, цэласнасць і квітненне. Калі нам па дарозе, то можам рухацца разам. Калі не — выбачай за турботы», — прапаноўвае суразмоўца Лабачову.

І паведамляе, што са свайго боку абяцае «адэкватную дапамогу і шчырыя стасункі» і дадае, што «разам мы можам шмат зрабіць».

«Прапаную табе паглядзець фільм «Зорге»

Былы палітвязень сцвярджае, што не адмаўляўся адразу ад прапановаў пагаварыць, бо хацеў даведацца, чаго канкрэтна хоча ад яго меркаваны супрацоўнік КДБ і якія намеры і планы спецслужбаў.

У перапісцы Лабачоў зазначыў, што калі супрацоўнікі КДБ хочуць завесці на яго чарговую справу ці абвясціць вышук, то ў Беларусь ён пакуль не плануе вяртацца.

«Я цябе не заву ў Беларусь, справаў у дачыненні да цябе нам не трэба. Ты чалавек ідэйны, але трапіў пад пэўны ўплыў. Я прапаноўваю ў першую чаргу шчырыя стасункі і зрабіць нешта карыснае для Радзімы, калі для цябе гэта не пустыя словы. Калі будзе атрымлівацца, то гатовы дапамагчы фінансава», — абяцае былому палітвязню суразмоўца.

Ён таксама прапаноўвае паглядзець фільм «Зорге» (пра савецкага шпіёна ў Японіі. — РС). «Гэта сапраўдны патрыёт Радзімы, ты можаш не горш», — сьцьвярджае меркаваны супрацоўнік спецслужбаў.

У адказ Валянцін прапанаваў яму паглядзець фільм «Чэкіст» (расейскі фільм 1992 году, дзе галоўны герой — начальнік ЧК, які бярэ ўдзел у вынясенні смяротных прысудаў сотням людзей. — РС).

«Канкрэтных прапановаў, што я мушу рабіць, не прагучала. Я хацеў вывесці яго на гэтую тэму, але не ўдалося. Відаць, калі б я пагадзіўся, тады б атрымаў далейшыя інструкцыі. Але я ўпэўнены, што яны пішуць не толькі мне. Мяркую, што нехта можа і пагадзіцца на такое «супрацоўніцтва». Я нават думаў пра тое, каб пагадзіцца, а затым раскрыць іх агентуру. Але не выйшла», — кажа былы вязень.

«Людзі мусяць быць вельмі пільнымі — як у асабістых размовах, так і ў сацыяльных сетках»

Свабодзе стала вядома, што прапановы «ўзаемавыгадных стасункаў» паступалі і іншым беларусам — як актывістам, якія яшчэ застаюцца ў Беларусі, так і былым вязням. Аднаму з іх, напрыклад, прапанавалі завязаць кантакт з палком Каліноўскага. Той, з ягоных словаў, адмовіўся.

«Нам, праваабаронцам, інфармацыя пра вербаванне былых палітвязняў не паступала пакуль. Хоць не сумняваюся, што такое можа быць, улічваючы іх досвед працы і пэўны прафесіяналізм, веданне псіхалогіі, падыходаў да людзей — маю на ўвазе супрацоўнікаў КДБ. У нас ёсць інфармацыя ад людзей у Беларусі, як іх «цягаюць« на розныя гутаркі і прапаноўваюць «супрацоўніцтва». Гэта тычыцца і людзей, якія ў 2020 годзе данацілі на розныя фонды, а ў 2022—2023-х у іх пачаліся праблемы з КДБ. Чалавек выплаціў пэўную суму грошай, але ад яго не адчапіліся і прапанавалі «супрацоўніцтва», — пракаментавала праваабаронца «Вясны» Алена Маслюкова.

Суразмоўца дадала, што актыўна спрабуюць вербаваць людзей таксама супрацоўнікі калоніяў, дзе адбываюць пакаранні палітвязні.

«Там у іх шырокі інструментар рэпрэсіяў у выпадку адмовы. Гэта і пагаршэнне ўмоваў утрымання, і артыкул 411 («непадпарадкаванне адміністрацыі«), паводле якога можна падоўжыць тэрмін. І ад гэтага, на жаль, ніхто не можа быць застрахаваны», — кажа Алена Маслюкова.

Яна заклікае людзей быць пільнымі не толькі пры асабістых размовах ці гутарках у кампаніі, але і ў сацыяльных сетках і выказваннях там.

Nashaniva.com