У цэнтры Слуцка валанцёры паставілі новы домік для коцікаў

У катоў, якія пасяліліся пад мостам у цэнтры Слуцка, з'явіўся новы «фабрычны» домік. Па словах валанцёра Маргарыты Лескавец, папярэдні домік быў нязручным для ўнутранай уборкі, а таксама з яго з цяжкасцю можна было дастаць захварэлую жывёлу для лячэння, піша «Слуцк-горад».

31.07.2023 / 15:45

— Новы домік заказвалі без уцяплення, бо адразу пад мостам цёплыя трубы, дзе каты зімуюць. Але зроблены так, каб пры неабходнасці можна было прыбіраць знутры, або забраць захварэлую жывёлу, каб яе вылечыць. З дастаўкай у Слуцк ён абышоўся ў 380 рублёў, — распавядае Маргарыта.

Трохі дапрацаваць і ўсталяваць домік дапамаглі неабыякавыя случчакі са Слуцка, іншыя валанцёры даглядаюць катоў у гэтым месцы.

У планах у валанцёраў паставіць побач скрыню, каб людзі пры жаданні маглі прыбіраць за катамі. Таксама да доміка прыкруцяць шыльду з важнай інфармацыяй аб тым, каб людзі не падкідвалі на гэтае месца іншых катоў. З'явіцца побач невялікі металічны навес.

— Людзі павінны разумець, што ў іх нельга пакідаць новых катоў, якіх «напладзілі» дома. Са 100% верагоднасцю магу сказаць — не прыжывуцца. Як правіла, яны выбягаюць на дарогу і гінуць пад коламі аўтамабіляў.

— Вядома, хацелася б усталяваць не адзін такі домік у горадзе. І было б добра, калі б людзі маглі падтрымліваць чысціню побач з імі, па магчымасці мыць міскі, і не пакідаць жывёл у бядзе, калі ім патрэбна дапамога.

Чытайце таксама:

Ва Уруччы знайшлі фіялетавае кацяня

Nashaniva.com