75-гадовага Барыса Хамайду арыштавалі на 15 сутак

75-гадовага віцебскага дэмакратычнага актывіста асудзілі да арышту ў судзе Верхнядзвінскага раёна, але падрабязнасцяў, па якім менавіта артыкуле ён пакараны, сябрам і знаёмым не паведамілі. 

31.07.2023 / 21:14

Барыс Хамайда

У Барыса Хамайды няма блізкіх сваякоў, якія маглі б даведацца пра дакладную прычыну арышту, і таму ён распавядзе пра гэта хіба што сам — калі выйдзе на волю.

Найверагодней, што адбываць арышт Хамайда будзе ў Наваполацкім цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, бо пры Верхнядзвінскім РАУС няма адпаведных памяшканняў. Да ўсяго, для так званых «палітычных», арыштаваных па адміністрацыйных артыкулах, на Віцебшчыне не прымаюць перадачы — пра гэта ў карных установах існуе адмысловае ўнутранае распараджэнне.

У тэрмін прысуджанага арышту ўвойдуць тыя трое сутак, якія Барыс Хамайда ўжо адбыў за кратамі. Ён быў затрыманы 28 ліпеня каля 11.30 на пероне чыгуначнай станцыі Бігосава.

Найстарэйшы віцебскі апазіцыйны актывіст і вернік у апошнія гады стала бярэ ўдзел у пілігрымках. Гэтым разам ён збіраўся прайсці пехам 10 км ад Бігосава да Росіцы, дзе пілігрымы збіраліся ўшанаваць памяць ксяндзоў-марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, спаленых у 1943 годзе разам са сваімі парафіянамі ў мясцовым касцёле.

Аднак у дызель-цягніку памежнікі (Бігосава і Росіца знаходзяцца на беларуска-латышскім памежжы) правяралі ў пасажыраў пашпарты, і ім не спадабалася, што на пашпарце Барыса Хамайды было вокладка з выявай Пагоні. Тлумачэнні пра тое, што Пагоня ёсць нават на афіцыйным гербе Віцебскай вобласці, памежнікі слухаць не сталі і перадалі Барыса Хамайду супрацоўнікам міліцыі.

Чытайце таксама:

Яшчэ 14 чалавек прызналі палітвязнямі

Суддзю, які асудзіў Ашурка і Аўтуховіча, прызначылі ў Вярхоўны суд

Палітзняволеную Алену Гнаўк перавялі ў жаночую калонію ў Зарэччы

Nashaniva.com