З кіпрскай турмы вызвалілі брытанца, які забіў смяротна хворую жонку

У канцы 2021 года брытанец Дэвід Хантэр, які жыве на Кіпры, задушыў сваю 74-гадовую жонку Джэніс, якая пакутавала ад боляў, выкліканых анкалагічным захворваннем. Па словах Хантэра, жонка «плакала і маліла» яго дапамагчы ёй сысці з жыцця; у выніку ён пагадзіўся выканаць яе просьбу і задушыў яе падушкай. Пасля забойства жонкі Хантэр паспрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але яго ўдалося выратаваць, піша Бі-бі-сі.

31.07.2023 / 22:24

Дэвід Хантэр. Скрыншот з відэа

На Кіпры забаронена эўтаназія, і брытанцу пагражаў пажыццёвы тэрмін зняволення. Аднак у ліпені 2023 года кіпрскі суд, як паведамляла The Guardian, прызнаў Хантэра вінаватым у ненаўмысным забойстве (гэта абвінавачванне прадугледжвае значна больш мяккае пакаранне, чым наўмыснае забойства).

Суд прыйшоў да высновы, што Джэніс Хантэр хацела памерці, а яе муж «не адчуваў да яе нічога, акрамя кахання».

Сёння Хантэра вызвалілі з-пад варты пасля 19 месяцаў турэмнага зняволення. Увесь гэты час яго падтрымлівала яго адзіная дачка Леслі.

«Я адчуваю палёгку ад таго, што майго дарагога тату вызвалілі. Сёння мы пачнем будаваць жыццё наноў. Вызваленне бацькі таксама азначае, што мы нарэшце можам аплакаць маму», — сказала яна.

Чытайце таксама:

Навукоўцы: эўтаназія, магчыма, існавала ў імперыі інкаў

Дзіцячая эўтаназія — што паказвае досвед Бельгіі ў гэтай сферы і чаму гэта важна

104-гадовы навуковец з Аўстраліі ажыццявіў эўтаназію пад музыку Бетховена

Nashaniva.com