«Разглядае ў стылі «адна бабка сказала». Беларускае Мінабароны аспрэчвае парушэнне польскай мяжы беларускімі верталётамі

Паводле Мінабароны, «абвінавачванні ў парушэнні мяжы Польшчы верталётамі Мі-24 і Мі-8 беларускіх ВПС і войскаў СПА з'яўляюцца надуманымі і былі зробленыя польскім ваенна-палітычным кіраўніцтвам для чарговага апраўдання нарошчвання сіл і сродкаў ля беларускай мяжы». У сваёй заяве ведамства прытрымліваецца развязнага стылю, раней характэрнага больш для МЗС.

01.08.2023 / 21:45

Паводле прэс-службы Міністэрства абароны:

«Яшчэ з раніцы аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы супакойвала насельніцтва заявамі аб тым, што польскія радары не фіксавалі парушэнні дзяржмяжы, а да вечара (мабыць, параіўшыся са сваімі заакіянскімі гаспадарамі) ужо паведамілі, што «перасячэнне мяжы адбывалася на вельмі нізкай вышыні, што перашкаджала выяўленню радыёлакацыйнымі сістэмамі.

Паведамленне, не пацверджанае данымі аб'ектыўнага кантролю з боку Польшчы, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь разглядае ў стылі «адна бабка сказала» і адзначае, што парушэння паветранай прасторы верталётамі Мі-24 і Мі-8 не было».

Nashaniva.com