Адміністрацыя гомельскага завода рэкамендавала падначаленым падтрымаць затрыманне работніка за «экстрэмізм». Многія пагадзіліся
Гомельскі завод ліцця і нармалей (ЗЛіН) у сваіх сацыяльных сетках выклаў ролік у стылі ГУБАЗіК. Пад ім з'явіліся сотні аднатыпных каментароў. Флагшток высветліў, з чым гэта можа быць звязана.
02.08.2023 / 10:25
На відэа зняты момант затрымання работніка на тэрыторыі прадпрыемства супрацоўнікамі Гомельскага ГУБАЗіК. Здымка вядзецца з дзвюх камер, што дазваляе выказаць здагадку, што затрыманне адбылося з ведама кіраўніцтва арганізацыі.
Затрыманым аказаўся слесар механазборачных работ ЗЛіН Віталь Сваткоўскі. На відэа мужчына тлумачыць, што падставай паслужылі лайкі пад відэа з акцый пратэсту ў «Аднакласніках», зробленыя ў 2020 годзе.
Адразу ж пасля публікацыі роліка на афіцыйных старонках ЗЛіНа ў сацыяльных сетках у каментарах пачалі публікавацца аднатыпныя паведамленні ў стылі дзяржпрапаганды: «Мы за мір, не — экстрэмізму».
Знайшліся і злейшыя каментатары. Карыстальнік з нікнэймам tatiana_kamko палае нянавісцю да былога калегі, затрыманага за лайкі:
«Такія нелюдзі не павінны працаваць у нашым калектыве. Мы за мірную Беларусь! Мы памятаем пра фашызм і зверствы, якія перажыў наш народ і прыкладзем усе намаганні, каб гэта не паўтарылася. Не дамо перапісаць гісторыю».
Як патлумачыла Флагштоку крыніца, знаёмая з сітуацыяй на прадпрыемстве, затрыманне работніка і яго наступнае цкаванне з'яўляецца спланаванай акцыяй.
«Апошнімі гадамі ў адміністрацыю прадпрыемства сталі набіраць былых «сілавікоў». Цяпер яны пачалі наводзіць свае парадкі. Супрацоўнікаў з «мінулай каманды» паступова выцясняюць з прадпрыемства. На некаторых заводзяцца крымінальныя справы. Нічога дзіўнага ў тым, што ўчорашнія сілавікі цяпер запісваюць ролікі ў стылі сваіх былых калегаў з ГУБАЗіКа і патрабуюць ад работнікаў пакідаць пад імі каментары», — распавядае суразмоўца Флагштока.
У 2014 годзе ўпраўленне бяспекі ЗЛіНа ўзначаліў былы работнік Камітэта дзяржкантролю Гомельскай вобласці Аляксандр Данчанка. У 2019 годзе ён быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.