Як сабраць дзіця ў школу з найменшай шкодай для яго здароўя

У гарадах Беларусі ўжо працуюць школьныя базары. Спецыялісты раяць, на што звярнуць увагу пры выбары школьных тавараў, каб не нашкодзіць дзіцяці.

02.08.2023 / 22:05

Па словах спецыялістаў упраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкаму камплект усяго набходнага для вучня малодшых класаў абыдзецца ў суму ад 370 да 1122 рублёў. А вось для школьніка старэйшых класаў сума істотна большая. Бацькам давядзецца патраціць ад 462 да 1392 рублёў.

Спецыялісты не гавораць, чаму такая істотная разбежка паміж мінімальнай і максімальнай лічбай. Хаця, максімальная можа расці да бясконцасці калі дазваляюць фінансы бацькоў.

Але нават калі ў вас фінансы неабмежаваныя, гэта не азначае, што можна набываць свайму школьніку усё, што душа пажадае. Спецыялісты раяць звяртаць увагу на якасць і практычнасць рэчаў.

Адзенне

Так пры набыцці адзення трэба ўважліва вывучыць склад тканіны. Пажадана, каб там было больш натуральных валокнаў. Бо дзеці нашмат фізічна актыўнейшыя за дарослых. Адпаведна і потавыдзяленне ў іх большае. Натуральныя тканіны лепш дыхаюць і паглынаюць вільгаць. А вось у вырабах з сінтэтычных тканін дзіця будзе больш пацець.

Па меркаванню спецыялістаў, найлепш калі тканіна для школьнай формы складаецца з змешаных валокнаў. Пры гэтым бавоўны ці воўны ў ёй павінна быць не меней за 40%.

Таксама ў склад павінна ўваходзіць віскоза. Яна дадае тканіне мяккасці і лёгкасці, добра рэгулюе цеплаабмен. Дадатак сінтэтычных валокнаў, такіх як эластан ці поліэстэр дазволяць вырабу добра сядзець (дзякуючы эластычнасці) на фігуры і павялічаць тэрмін носкі.

Абутак

Абутак пажадана выбіраць з натуральных складнікаў. Калі няма магчымасці набыць з натуральнай скуры, то лепш звярнуць увагу на мадэлі з камбінаваных матэрыялаў, у якіх верх выкананы з скуразамяняльніка а натуральны матэрыял знаходзіцца ўсярэдзіне. Пры гэтым лепш за ўсё, каб замест шнуркоў у абутку для малодшых школьнікаў былі ліпучкі. Гэта дазволіць падагнаць яго пад дзіцячы галенаступ і ўлічваць рост нагі.

Каб пазбегнуць плоскаступнёвасці ў абутку пажадана, каб быў невялікі каблук, жорсткі заднік і супінатар. Падэшва павінна быць дастаткова гнуткай і добра амартызаваць. Пажадана, каб яна не слізгала па падлозе.

Дактары не раяць таксама выбіраць такі абутак як берцы, бо ў іх дрэнна працуе галенаступ, адмовіцца ад вастраносых мадэляў і вузкіх туфляў, бо яны будуць здушваць стопы і пальцы.

Спецыялісты таксама раяць выбіраць закрытыя ці напалову закрытыя мадэлі, бо басаножкі ці туфлі з адкрытым мыском, а таксама сандалі не могуць правільна фіксаваць ступню школьніка.

Рукзак

Па меркаванню спецыялістаў для пераноскі падручнікаў лепш за ўсё падыходзіць рукзак. У адрозненні ад сумкі ён не будзе нагружаць шкелет з аднаго боку, а размяркуе пагрузку на пазваночнік пароўну.

Пры выбары рукзака неабходна звярнуць увагу на лямкі. Яны павінны быць шырокімі і рэгулявацца па вышыні. Частка рукзака, якая прылягае да спіны, павінна быць адносна жорсткай і мець выступаючы профіль, што стварае вентыляцыю паміж спінаю і задняй сценкай.

Для малодшых школьнікаў важна, каб спінка ў рукзаку была артапедычнай (эрганамічнай, анатамічнай). Гэта дапамагае размеркаваць нагрузку на плечы і паясніцу, а таксама падтрымліваць правільную паставу.

Для малодшых школьнікаў лепш падыдзе ранец. У адрозненні ад рукзаку ён мае жорсткі каркас і эрганамічную спінку. Замест маланкі ў яго выкарыстоўваецца крышка з зашпількаю.

Спецыялісты таксама раяць, каб у рукзакоў была зручная ручка, тады пры паездцы ў транспарце школьніку будзе камфортна трымаць яго ў руцэ, каб не перашкаджаць іншым.

Добра, калі рукзак мае трывалы ніз, які складаецца з некалькіх слаёў тканіны, ці нават пластыкавы. У такім выпадку гэта перасцеражэ ад прамакання падручнікаў, калі рукзак паставіць на мокрае.

Варта таксама звярнуць увагу на наяўнасць на рукзаку ці ранцы святлоадбівальных элементаў.

Школьныя прыналежнасці

Што тычыцца школьных прыналежнасцей, то пажадана, каб яны былі з трывалых матэрыялаў і не мелі ніякіх дробных здымных частак, якія можна лёгка ўдыхнуць ці праглынуць. Таксама пластык не павінен мець выражанага паху, што сведчыць аб яго таксічнасці. Па магчымасці пры пакупцы варта звярнуць увагу на наяўнасць сертыфікатаў адпаведнасці і гігіенічных стандартаў.

Чытайце яшчэ:

Ад 370 да 1392 рублёў. Колькі каштуе сабраць дзіця ў школу

Беларускае школьнае адзенне ахоўвае ад выпрамянення мабільных тэлефонаў

Школьную форму хочуць зрабіць з дзяржаўнай сімволікай

Дзяржстандарт забараніў продаж школьнага адзення вядомай гандлёвай маркі

Антось Жупран