Ад біксі да шэгі. Трэндавыя прычоскі беларускіх зорак
Паглядзелі, якія стрыжкі і ўкладкі будуць у трэндзе ў найбліжэйшыя месяцы, і знайшлі беларускіх зорак, якія іх носяць.
05.08.2023 / 18:33
Біксі
Стрыжка Bixie — сучасная камбінацыя папулярных раней прычосак піксі і боб. Гэта кароткая прычоска — сапраўдны хіт сезона. Біксі ёсць працягам трэнду Old Money і адсылае нас да стылю брытанскай залатой моладзі. Аснова стрыжкі — касая грыўка, лёгкая нядбайнасць і паголеныя скроні.
Такі варыянт асабліва падыдзе ўладальніцам непаслухмяных валасоў, бо чым «упарцей» яны паводзяць сябе пры сушэнні, тым больш стыльны атрымліваецца лук. Трэндавую стрыжку носіць баскетбалістка Кацярына Сныціна.
Фота: інстаграм Кацярыны Сныцінай
Ультракароткі паж
Варыянт для самых смелых — ультракароткая стрыжка ў спалучэнні з афарбоўкай блонд. Рашаючыся зрабіць такую, ведайце, што гэта прычоска добра глядзіцца на дзяўчатах з правільнымі рысамі твару. Акрамя таго, яна патрабуе ідэальнага тону скуры.
Не баіцца смелых вобразаў тэлевядучая Каця Пытлева.
Фота: інстаграм Кацярыны Пытлевай
Стрыжкі ў стылі вясёлых 80-х
Б'юці-майстроў не адпускае настальгія па шумных гадах. Але калі на подыумах мы часцей сустракаем гіпертрафаваныя завіўкі ў стылі поп-дзіваў 80-х, то ў сацыяльных сетках трэнды некалькі іншыя. Напрыклад, у інтэрнэт-зорак большай папулярнасцю карыстаюцца сціплыя стрыжкі — шэгі і малет.
Аб'ём, зроблены па тыпе звыклай нам «ваўчыцы», падтрымліваецца няроўным зрэзам. У выніку атрымліваецца нядбайная і лёгкая ўкладка. Як гэтая стрыжка носіцца ў рэальным жыцці, можна паглядзець на старонках CityDog у інстаграме і тыктоку — вядучая каналаў Аліна носіць менавіта такую.
Фота: інстаграм Аліны
Дробныя кучаравінкі
Завіўкі зноў уваходзяць у моду. Гэтым разам у трэндзе дробныя кучаравінкі ў спалучэнні з каскаднай стрыжкай — як у спявачкі Русі. Чым больш аб'ёму атрымліваецца ад прычоскі — тым лепш, галоўнае — сачыць за валасамі і своечасова іх падкручваць. Інакш існуе высокая рызыка ператварыцца з моднай дзяўчыны ў копію Куклачова.
Уладальніцам натуральных кудзераў у плане трэнду пашанцавала. Але тым, каму трэба рабіць завіўку, хвалявацца таксама не варта: цяпер выкарыстоўваюцца спецыяльныя хімічныя саставы, якія не псуюць валасоў. З добрым доглядам якасць валасоў практычна не пацярпіць.
Фота: інстаграм спявачкі
Роўны зрэз
Самая простая ўкладка ў нашай падборцы — дагледжаныя прамыя валасы з роўным зрэзам. Гэта яшчэ адна мадыфікацыя моднага трэнду Old Money. Такая прычоска добра глядзіцца на натуральных валасах і валасах з афарбоўкай Air-touch. Простая, але модная стрыжка ўпрыгожвае спявачку Palina.
Фота: інстаграм спявачкі
Грыўкі
Грыўкі вяртаюцца ў моду, прычым у розных варыянтах. У трэндзе мілыя падоўжаныя, як у опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук, ці кароткія — у спалучэнні са стрыжкамі ў стылі мілітары. За малым справа — навучыцца грыўку ўкладваць.
Фота: інстаграм спявачкі
Уся гэтая прыгажосць заменіць прычоскі, якія выйшлі ў тыраж, напрыклад, двухузроўневыя яркія афарбоўкі, якія асабліва папулярныя сярод беларускіх айцішніц. Але дзяўчатам з яркімі валасамі не варта палохацца, бо самавыяўленне ў персанальным стылі важнейшае за трэнды.
Фота: unsplash.com
Укладкі ў стылі «галівудскай хвалі» таксама губляюць актуальнасць. Цяпер яны падыдуць выключна для тэматычных вечарынак у стылі «равучых дваццатых». Тым, хто жадае заставацца ў трэндзе, варта разгледзець варыянт мяккай хвалі на адзін бок.
Фота: unsplash.com
Новую прычоску дапоўніць правільна падабранае адзенне. Паглядзіце, якія колеры будуць у модзе гэтай восенню і як выгадна рабіць пакупкі ў час распродажу.