Прэзідэнт Літвы і прэм'ер Польшчы сустрэнуцца ў Сувалскім калідоры. Будуць абмяркоўваць вагнераўцаў

Сёння прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі правядуць сустрэчу ў так званым Сувалскім калідоры. Яна адбудзецца на тэрыторыі Польшчы.

03.08.2023 / 08:33

Гітанас Наўседа (другі злева), Матэвуш Маравецкі (трэці злева) і прэм'ер-міністарка Даніі Метэ Фрэдэрыксен на саміце ЕС у Бруселі. Май 2022 года. Фота: AP Photo / Olivier Matthys

Бакі маюць намер абмеркаваць сітуацыю з бяспекай на мяжы з Беларуссю з улікам патэнцыйных пагроз, якія можа несці з'яўленне ў Беларусі ПВК «Вагнер», піша Reform.by.

Раней з'яўлялася інфармацыя, што каля сотні вагнераўцаў перамясціліся ў раён, блізкі да Сувалскага калідора. У аўторак Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што вагнераўцы знаходзяцца пад кантролем і ўсе іх перамяшчэнні па Беларусі звязаныя выключна з трэніроўкамі, якія яны праводзяць для беларускіх вайскоўцаў.

Nashaniva.com