У Мастоўскім раёне школьніцы застрэлілі сабаку і знялі відэа

Дзве школьніцы застрэлілі суседскага сабаку з пнеўматычнай вінтоўкі, пасля чаго не разгубіліся, знялі пра гэта відэаролік і выклалі ў сацыяльныя сеткі. 

03.08.2023 / 12:14

Здарэнне адбылося ў вёсцы Вялікія Азёры. Вядома, што сабака перыядычна зрываўся з ланцуга. Так здарылася і 26 ліпеня. Жывёла забегла да суседзяў. У іх таксама ў двары быў сабака, піша Grodnoplus.

Як распавёў прадстаўнік гродзенскай міліцыі Максім Базыленка, сабакі пачалі грызціся, і для таго, каб напалохаць іх, адна з дзяўчатак вынесла з дому пнеўматычную вінтоўку і стрэліла ў бок сабакі.

Сабака ўцёк, а праз некаторы час школьніцы знайшлі яго ўжо нежывым. Бацька дзяўчатак пахаваў гадаванца.

У дачыненні да школьніц праводзіцца праверка ў рамках Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (артыкул 16.29): жорсткае абыходжанне з жывёлай або пазбаўленне ад жывёлы.

Пнеўматычную вінтоўку накіравалі на экспертызу, а саміх школьніц паставілі на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх Мастоўскага РАУС.

Nashaniva.com