Польскае консульства ў Гродне можа атрымаць новы адрас
3.08.2023 / 23:13
Генеральнае консульства Польшчы ў Гродне можа змяніць адрас. Безыменнаму праезду ад Будзённага да Ажэшкі плануюць даць назву. На грамадскае абмеркаванне пытанне вынес Гродзенскі гарвыканкам, заўважыла Hrodna Life.
Маецца на ўвазе кавалак дарогі ўздоўж берага Гараднічанкі паміж будынкамі на вуліцы Будзённага № 46 і № 48 да вуліцы Ажэшкі № 47 і № 49. Па гэтых адрасах размяшчаецца вялікі офісны будынак з польскім консульствам, кафэ «Паланэз», а таксама жылыя дамы.
Магчыма, такім чынам рэжым Лукашэнкі рыхтуе адказ на нядаўнюю змену адраса Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку.
Як вядома, участак вуліцы Электрычнай у Беластоку, дзе размяшчаецца беларускае консульства, у 2022 годзе перайменавалі ў вуліцу Вольнай Беларусі. Але мясцовыя жыхары выступілі супраць перайменавання, падалі ў суд і выйгралі яго. Назву вуліцы тады вярнулі, але пляцоўку, дзе размяшчаецца консульства Беларусі, перайменавалі ў сквер Вольнай Беларусі. Падчас свайго візіту на Падляшша ў ліпені яго ўрачыста адкрылі Святлана Ціханоўская і Павел Латушка.
Чытайце таксама:
На «Гродна-Азоце» карты паляка прапануюць здаваць у КДБ
У Гродне каля будынка польскай дыпмісіі паставілі прапагандысцкія білборды
«Зробім не вуліцу, а плошчу Вольнай Беларусі, і да нас ніхто не прычэпіцца» — мэр Беластока