Ужо да верасня ў Мінску можа з'явіцца адзіны праязны

Сёння налічваецца 180 відаў праязных дакументаў, з укараненнем адзінага праязнога іх застанецца 26.

04.08.2023 / 07:22

Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Адзіны праязны для гарадскога наземнага транспарту можа з'явіцца ў Мінску да верасня. Пра гэта паведаміў намеснік гендырэктара «Мінсктранса» Віктар Тозік, піша БелТА.

«Да 1 верасня плануецца ўкараненне адзінага праязнога дакумента. Сёння налічваецца 180 відаў праязных дакументаў, з укараненнем адзінага праязнога іх застанецца 26», — сказаў ён.

Па яго словах, перш за ўсё гэта зручна для пасажыраў. «З увядзеннем адзінага праязнога пасажыр на працягу дня зможа зрабіць любую колькасць перасадак, не чакаючы свайго віду транспарту», — распавёў ён.

Таксама намеснік гендырэктара адзначыў, што ў перспектыве прыярытэт будзе аддавацца развіццю электратранспарту.

«Сёння на прадпрыемстве налічваецца 93 электробусы, апошнія 23 мы набылі сёлета і летась. Гэта электробусы з павялічаным аўтаномным ходам да 140 км. За такім транспартам будучыня. У далейшым павелічэнне аўтаномнага ходу дазволіць выкарыстоўваць такі від транспарту ў прыгарадных перавозках», — звярнуў увагу Віктар Тозік.

Штодня «Мінсктранс» перавозіць каля 1 млн пасажыраў. «Мы знаходзімся на другім месцы пасля метрапалітэна і ажыццяўляем 34% пасажырскіх перавозак», — дадаў намеснік гендырэктара прадпрыемства.

Чытайце таксама:

Лічба дня: праязны на ўсе віды гарадскога транспарту ў Мінску падаражэў на 666 капеек

Неймаверна, але факт. У Мінску праязны на адзін від транспарту каштуе даражэй, чым на тры віды. Як такое можа быць

Nashaniva.com