Сілавік патлумачыў, навошта на граніцы сталі правяраць ІМЕІ
Учора «Наша Ніва» паведамляла пра тое, што прыкамандзіраваныя на пагранічныя пераходы кадэбісты сталі правяраць ІМЕІ тэлефонаў тых, каго яны лічаць палітычна падазронымі. Дзейны супрацоўнік аднаго з сілавых органаў патлумачыў логіку праверак.
18.08.2023 / 11:49
Вядома, што на ўездзе ў Беларусь бываюць выпадкі, калі грамадзян нашай краіны пры праходжанні памежнага кантролю забіраюць на гутаркі асобы ў цывільным, якія задаюць пытанні на асабістыя і палітычныя тэмы, патрабуюць доступ да дэвайсаў, праглядаюць іх.
Група рызыкі ў гэтых выпадках — тыя беларусы, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці паводле «палітычных» артыкулаў у апошнія гады, а таксама ўсе, хто быў заўважаны ў грамадзянскай актыўнасці.
Звычайна ў дэвайсах правяраюць перапіскі ў сацыяльных сетках, падпіскі на забароненыя дзяржавай рэсурсы, фотаальбомы на прадмет нацыянальнай беларускай сімволікі і ўдзелу ў акцыях, тэлефонныя кнігі, кантакты.
Апошнім часам з'явіўся новы пункт у ходзе такога нефармальнага электроннага вобшуку: спецслужбісты часам правяраюць ІМЕІ мабільнага тэлефона чалавека, якога яны адвялі на допыт.
Учора мы дапускалі, для якіх мэтаў можа выкарыстоўвацца гэтая інфармацыя. Сёння дзейны супрацоўнік Следчага камітэта на ўмовах ананімнасці патлумачыў яшчэ адну, магчыма, галоўную прычыну.
Чытайце таксама: На мяжы сталі правяраць IMEI тэлефонаў — сведкі«Многія пры перасячэнні граніцы сталі карыстацца «чыстымі» дэвайсамі, на якіх не было месенджараў, у памяці не захоўваюцца і ніколі не захоўваліся фота– і відэаматэрыялы з акцый пратэсту, кантакты палітычна актыўных грамадзян.
А асноўны тэлефон, інфармацыя на якім магла б стаць «доказам віны» для органаў, пры гэтым схаваны. І вось з гэтым спрабуюць змагацца, правяраючы ІМЕІ.
Сэнс у тым, што мабільныя аператары перадаюць у органы ўсю інфармацыю, у тым ліку аб ІМЕІ мабільнікаў іх кліентаў.
Яны бачаць гэта аўтаматычна, калі сім-карту ўстаўляюць у дэвайс і карыстаюцца ім. Па ІМЕІ можна ўбачыць, якім тэлефонам канкрэтна вы карыстаецеся, у тым ліку яго мадэль і год выпуску.
Такім чынам, маючы гэтую інфармацыю, на мяжы можна лёгка праверыць, аддалі вы апарат, якім рэальна карыстаецеся, ці падсунулі пустышку.
Калі па іхняй базе вы ўвесь час прысутнічаеце ў сетцы з айфона, а на граніцы даяце ім «левы» андроід, то гэта нагода для пэўных высноў: як мінімум гэта сведчыць пра жаданне нешта схаваць і падмануць», — патлумачыў нам следчы.
Чытайце таксама:
Што новага правяраюць у тэлефонах на мяжы пры вяртанні ў Беларусь
Як падрыхтавацца да пераходу мяжы? Распыталі ў тых, хто яе нядаўна праходзіў