Унікальныя артэфакты зноў знайшлі на месцы былой загараднай рэзідэнцыі полацкіх князёў

Двухтыднёвая археалагічная экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі на беразе возера Чарсцвяды Ушацкага раёна чарговы раз аказалася паспяховай. Археолагі знайшлі ўнікальныя артэфакты, якія, верагодна, належалі полацкім князям, паведамляе Інстытут гісторыі НАНБ.

04.08.2023 / 19:37

Фота: Марат Клімаў

«Мы ўжо трэці год даследуем былую загарадную рэзідэнцыю полацкіх князёў. Гэтым разам знайшлі рэдкую пломбу-пячатку, якая, магчыма, належала аднаму з полацкіх князёў, а сёння паднялі частку дзіцячай керамічнай свісцёлкі з выявай купала храма», — расказаў старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук Марат Клімаў.

Фота: Марат Клімаў

Маляўнічыя пейзажы возера Чарсцвяды ўражваюць і сёння, а дзевяць стагоддзяў таму імі любаваліся полацкія князі. Чатыры гады таму гэта яшчэ, праўда, ставілася пад сумнеў, а сёння ўжо выглядае пацверджаным фактам.

Фота: Марат Клімаў

Гісторыкі абгрунтавалі, што ў Чарсцвядах знаходзілася загарадная рэзідэнцыя полацкіх князёў XII стагоддзя, археолагі выявілі яе фрагменты ў 2019-м годзе. Дзевяць стагоддзяў гісторыі падзяляў метр зямлі.

Фота: Марат Клімаў

Тады ж знайшлі і першае пацвярджэнне — кераміку XII стагоддзя, фрагменты візантыйскіх амфар, ключа, гіру для ўзважвання манет.

Фота: Марат Клімаў

«Важна, што тады выявілі і кніжную зашпільку, а кнігі ў XII стагоддзі былі толькі ў Полацку, іх перапісваннем займалася сама святая Еўфрасіння», — падкрэсліў Марат Клімаў.

Фота: Марат Клімаў

Калі археолагі знайшлі свісцёлку, то выказалі здагадку, што калі тут у першай палове XII стагоддзя была рэзідэнцыя полацкіх князёў, значыць, яшчэ маленькай, да адыходу ў манастыр, тут напэўна бывала Еўфрасіння Полацкая, адпачывала, любавалася прыродай. І, магчыма, тут, на ўлонні прыроды, яна і задумалася пра манаства. Таксама магчыма, што тут стаяў храм са стандартнымі авальнымі купаламі.

«Вядома, гэта толькі версія. Цяпер спрабуем рабіць рэканструкцыю, а па вяртанні з экспедыцыі трэба будзе яшчэ шэраг праверак», — сказаў Марат Клімаў.

Чытайце таксама:

У Полацку археолагі вядуць раскопкі на тэрыторыі стадыёна «Спартак». І ўжо маюць каштоўныя знаходкі

Хто схаваў гісторыю Полацкай дзяржавы

У Крэўскім замку раскапалі падмурак трэцяй вежы

Nashaniva.com