Выпадак у Лізе чэмпіёнаў. Сын забіў камандзе бацькі тры галы і выбіў яго з турніру

Гэта гісторыя пачалася яшчэ ў 2017 годзе, калі ісландзец Оўскар Торвальдсан трэніраваў мясцовы клуб «Грота». За гэты клуб гуляў яго сын Оўры.

05.08.2023 / 12:34

Оўры Оўскарсан пасля перамогі над «Брэйдаблікам». Фота з яго інстаграма

Потым Оўры сышоў у дацкі «Капенгаген», а бацька ўзначаліў «Брэйдаблік», які летась прывёў да чэмпіёнства.

«Капенгаген» у мінулым сезоне таксама ўзяў залатыя медалі.

І трэба было такому здарыцца: лёсаванне звяло каманды ў 2-м кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў.

У першым матчы «Капенгаген» выйграў у гасцях 2:0, а дома абыграў з лікам 6:3. Прычым Оўры зрабіў хет-трык і яшчэ ў яго быў галявы пас.

«Капенгаген» крочыць у наступны раўнд кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў, дзе сустрэнецца з пражскай «Спартай», а «Брэйдаблік» згуляе ў кваліфікацыі Лігі Еўропы з баснійскім «Зрыньскім», дзе пачынаў славуты ў будучыні Лука Модрыч.

І яшчэ цікавы факт. Дагэтуль ні разу ніводны ісландскі ці баснійскі клуб не дабіраліся да групавога турніру еўракубкаў. Перамога ў гэтым раўндзе гарантуе або «Брэйдабліку», або «Зрыньскі», як мінімум, групавы раўнд Лігі канферэнцый.

Чытайце таксама:

Нямецкі футбольны клуб устанавіў унікальны рэкорд: на полі было адразу трое братоў

Унікальнае дасягненне. Упершыню клуб з Фарэрскіх астравоў згуляе ў групавым турніры еўракубкаў

«Манчэстэр Сіці» купляе 21-гадовага абаронцу за рэкордныя грошы

Nashaniva.com