Што хочуць змяніць на тэрыторыі каля Нацыянальнага аэрапорта

У планах — нарэшце запуск хуткаснага цягніка да аэрапорта з Мінска.

05.08.2023 / 19:09

Падведзены вынікі грамадскага абмеркавання праекта дэталёвага планавання тэрыторыі, якая прымыкае да Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Абмеркаванне праводзілася адміністрацыяй Кастрычніцкага раёна сталіцы з 26 чэрвеня да 11 ліпеня гэтага года, паведамляюць «Мінск-Навіны».

Праектная тэрыторыя ўключае ў сябе не толькі аэрапорт, але і Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» і свабодныя землі да аўтадарогі Р-69 Смалявічы-Смілавічы. Раней на ўсю гэтую тэрыторыю ўжо быў распрацаваны дэталёвы план, цяпер у яго ўносіліся карэктывы. Якія змены прапануюцца?

— Асноўныя перадумовы змяненняў — новая трасіроўка хуткаснай чыгуначнай лініі, якая злучае сталіцу з аэрапортам, распрацоўка канцэпцыі развіцця і добраўпарадкавання перадаэрапортнай тэрыторыі, планаванне рознаўзроўневай развязкі на скрыжаванні дарогі М‑2 і адной з праектаваных вуліц, — распавялі ў БелНДІП горадабудаўніцтва, дзе распрацаваны праект.

Як вядома, ужо досыць даўно існуюць планы пракласці чыгуначны шлях да аэрапорта, каб адтуль пасажыры маглі на хуткасным цягніку максімальна хутка і зручна дабрацца да сталіцы. Праектуецца будучая лінія. Аднак няпростая транспартная схема каля самога аэрапорта ўскладняе задачу.

— Мы прадумалі новую схему, дзе будучая чыгуначная дарога перасякаецца з аўтадарогай толькі ў адным месцы і ў адным узроўні праз скрыжаванне-семафор, — распавядаў раней агенцтву галоўны архітэктар інстытута Белдзяржпраект Віктар Скробат.

Для рэалізацыі гэтай прапановы ў праект унесены карэктывы і прапануецца новы варыянт арганізацыі руху на пад'ездзе да аэрапорта.

У самім аэрапорце плануюць пабудаваць некалькі новых тэрміналаў, павільён для прыёму пасажыраў, гасцініцу, паркінгі, шэраг іншых аб'ектаў. Многія з іх разлічаны на перспектыву пры неабходнасці развіцця аэрапорта. 

Як паведамілі ў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, у працэсе грамадскага абмеркавання праекта заўваг і прапаноў ад менчукоў не паступала. У выніку прызнана, што грамадскае абмеркаванне адбылося, а сам праект рэкамендаваны для далейшага зацвярджэння.

Nashaniva.com