«Ракеты — з Беларусі!» Ракетная атака на Украіну
будзе дапаўняцца
Ва Украіне гучыць паветраная трывога. Паветраныя сілы Украіны заявілі пра пуск «Кінжалаў» з раёна Тамбова і неназваных ракет з Беларусі.
05.08.2023 / 19:30
Скрыншот з ТГ-канала Паветраных сілаў Украіны.
У суботу 5 жніўня адбылася адна з інтэнсіўных ракетных атак па Украіне.
Украінскае камандаванне паведаміла, што ракеты ляцелі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Пакуль няма інфармацыі, хто і адкуль запускаў гэтыя ракеты.
Калі вы маеце больш інфармацыі пра гэта, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ ці на nivanasha@proton.me. Альбо пішыце асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).
00:45. Полк Каліноўскага заявіў, што «паводле інфармацыі, якой мы дакладна валодаем, ніякіх атак з боку Беларусі не адбылося»
Ці азначае гэта, што праз паветраную прастору Беларусі па цэлях ва Украіне ляцелі ракеты, выпушчаныя з тэрыторыі Расіі? Кампалка Дзяніс Прохараў «Кіт» не даў адказу на гэтае пытанне.
«Кіт» скончыў свой зварот да беларусаў заклікам: «не дайце сябе падмануць».
Ракетная атака на Украіну 5 жніўня была адной з самых масіраваных.
Яе галоўнай цэллю быў аэрадром у Стараканстанцінаве Хмяльніцкай вобласці, дзе базуюцца ўкраінскія штурмавікі Су-24, носьбіты ракет Storm Shadow.
Інфаграфіка: Паветраныя сілы Украіны
Вось што паведамляюць Паветраныя сілы Украіны: «У першай хвалі ўвечары 5 жніўня вораг ужыў 14 крылатых ракет марскога базавання «Калібр» і тры аэрабалістычныя ракеты Х-47 «Кінжал». 12 з 14 «Калібраў» былі знішчаныя супрацьпаветранай абаронай. Адносна «Кінжалаў» інфармацыі не апублікуем.
Учора паведамлялася, што падчас вечаровай атакі частка расійскіх ракет прыйшла з паветранай прасторы Беларусі.
У ноч на 6 жніўня Украіну атакавалі ўдарнымі БпЛА «Shahed-136/131», крылатымі ракетамі «Калібр» — з Чорнага мора і крылатымі ракетамі Х-101/Х-555 з самалётаў з раёна Каспія.
Украінцы знішчылі ўсе 27 «Шахедаў», 5 з 6 «Калібраў» і 13 з 20 Х-101/Х555.
Ракетныя атакі па Украіне працягваюцца з першага дня вайны. Украіна не мае роўнага расійскаму ракетнага патэнцыялу, таму Масква разлічвала паставіць ракетнамі ўдарамі Кіеў на калені. Аднак гэтага не здарылася.
6 жніўня, 10:20. «Расія магла імітаваць пускі ракет з тэрыторыі Беларусі з мэтай правакацыі — каб уцягнуць яе ў вайну супраць Украіны». Пра гэта Укрінфарму сказаў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў.
«Аб ракетах з тэрыторыі Беларусі — імаверна, гэта быў электронны пуск або імітацыя пуску, бо на тэрыторыі гэтай краіны размешчаныя расійскія войскі, сілы і сродкі для рознага роду правакацый, каб уцягнуць яе ў вайну супраць Украіны», — сказаў Юсаў.