У ЗША выпрабавалі ўдарны беспілотнік пад кіраваннем штучнага інтэлекту
XQ-58A Valkyrie выканаў сваё заданне паспяхова.
06.08.2023 / 11:42
Ударны беспілотнік XQ-58A Valkyrie. Фота Joshua King / U.S. Air Force
Паветраныя сілы ЗША правялі паспяховае выпрабаванне ўдарнага беспілотніка XQ-58A Valkyrie пад кіраваннем штучнага інтэлекту, піша выданне Defence News.
«Гэты вылет афіцыйна зрабіў магчымай распрацоўку агентаў [штучнага інтэлекту і машыннага навучання], якія будуць выконваць сучасныя задачы класа «паветра-паветра» і «паветра-зямля», якія могуць быць неадкладна перададзеныя для праграмы CCA», — сказаў палкоўнік Такер Гамільтан, начальнік аддзела выпрабаванняў і аперацый па штучным інтэлекце ў паветраных сілах ЗША.
Праграма CCA program, або collaborative combat aircraft, была распрацаваная для стварэння баявых дронаў, якія могуць дзейнічаць у камбінацыі з традыцыйнай авіяцыяй.
Амерыканскія вайскоўцы дапускаюць, што ў будучых баявых дзеяннях крытычную ролю будзе граць менавіта штучны інтэлект, бо ён зможа даць вялікую хуткасць дзеянняў і разумець аператыўную карціну поля бою непараўнальна хутчэй за людзей.
На відэа: палёт XQ-58A Valkyrie пару гадоў таму. Яшчэ пад кіраваннем чалавека