Кавалеўскі расказаў і паказаў, што з сябе будзе ўяўляць беларускі альтэрнатыўны пашпарт

Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па міжнародных справах Валер Кавалеўскі падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» выступіў з відэапрэзентацыяй, падчас якой расказаў, што з сябе ўяўляе дакумент, распрацаваны Кабінетам для беларусаў-эмігрантаў.

06.08.2023 / 17:20

Макет дакумента са спецыяльнымі ахоўнымі ўласцівасцямі, адпаведнымі стандартам Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO), паводле Кавалеўскага, ужо распрацаваны. На наступным этапе АПК павінен будзе знайсці дзяржаву-партнёра, якая забяспечыць тэхнічную падтрымку.

Альтэрнатыўны пашпарт, паводле задумы, мае пацвярджаць беларускае грамадзянства, з ім таксама можна будзе падарожнічаць. Аднак дазвол на ўезд або пражыванне ў той ці іншай краіне ўсё адно трэба будзе атрымліваць. Але з альтэрнатыўным пашпартам можна будзе адкрываць рахунак у банку, набываць і рэгістраваць тэлефонную сім-карту.

Плануецца, што на пачатковым этапе альтэрнатыўны пашпарт будзе дзейнічаць у межах Шэнгенскай зоны ў ЕС, а далей тэрыторыя ягонага выкарыстання будзе пашырацца праз перамовы.

У перспектыве альтэрнатыўны пашпарт змогуць атрымаць усе грамадзяне Беларусі, якія пажадаюць гэта зрабіць. Аднак спачатку яго будуць выдаваць пераважна тым, хто мае бягучую патрэбу ў замене або аднаўленні дакументаў.

На цяперашні момант стаіць пытанне пра закупку матэрыялаў і ствараецца юрыдычная асоба для поўнага суправаджэння дакумента.

Усе надпісы на дакуменце будуць выкананыя па-беларуску (кірыліцай і лацінкай) і па-англійску. На старонках яго будуць выявы архітэктурных помнікаў.

Кавалеўскі падкрэслівае, што пры стварэнні ўзору пашпарта працавала адмысловая геральдычная камісія, і ўсё ў ім узгоднена з адмыслоўцамі.

Чытайце таксама:

«Наша задача вырваць Беларусь з расійскай арбіты. І правесці дэкаланізацыю Беларусі» — Ціханоўская

Прадстаўнік Палка Каліноўскага заявіў, што Сахашчык і Азараў не справіліся. І анансаваў канферэнцыю ў Кіеве

На адкрыцці «Канферэнцыі новай Беларусі» Ціханоўская анансавала кадравыя змены і часова сышла

Nashaniva.com